У райцэнтры напярэдадні Дня жанчын прайшоў самы прыемны рэйд года. Супрацоўнікі аддзялення ДАІ Петрыкаўскага РАУС змянілі звыклы строгі тон на святочныя віншаванні.
Узмах жазла інспектара ДАІ гэтымі днямі выклікаў у жанчын-вадзіцеляў не трывогу, а ўсмешку. Замест праверкі дакументаў – шчырыя кампліменты, замест строгіх навучанняў – вясновыя цюльпаны і карысныя падарункі. Да святочнага дэсанту далучыліся прадстаўнікі Белдзяржстраху і БРСМ.
“Добры патруль” нагадаў нашым аўталедзі: за рулём яны не проста ўдзельнікі руху, а перш за ўсё – натхненне. Мужчыны ў пагонах пазначылі, як важна берагчы сябе на дарогах, пажадалі жанчынам толькі зялёных светлафораў, паразумення на дарогах і, вядома, хатняга цяпла.
Такія акцыі, па словах аўталедзі, мяняюць настрой усяго дня. Бо калі табе жадаюць добрага шляху і лёгкіх дарог ад шчырага сэрца, нават самы складаны маршрут становіцца прыемным падарожжам.
– Няхай вашы паездкі заўсёды будуць бяспечнымі! – даў наказ аўталедзі выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка АДАІ Аляксандр Губар.
– Жадаем, каб вясна ў душы кожнай нашай аўтамабілісткі доўжылася круглы год, а дарогі заўсёды былі спакойнымі і бяспечнымі, – далучыліся да слоў віншавання дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Петрыкаўскім раёне Паліна Бельская і першы сакратар РК БРСМ Дар’я Герасіменка.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.






Оставить комментарий