ВОСТРАЕ ПЫТАННЕ: Пашпарт і жэтон – вось мае дакументы

0
437

ВОСТРАЕ ПЫТАННЕ: Пашпарт і жэтон – вось мае дакументыКолькі пухнатых сяброў можна ўтрымліваць у кватэрах і прыватных дамах? Які падатак трэба плаціць за гадаванцаў? Ці могуць аштрафаваць гаспадара, калі ён не аформіў і не прышчапіў падапечнага?
За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні мы звярнуліся да дырэктара ДП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Сяргея Гайчука.

Не фармальнасць, а гарантыя парадку і бяспекі

Тэма рэгістрацыі хатніх катоў і сабак у нашым раёне не новая, нарматыўная база дзейнічае даўно. Адказныя ўладальнікі ўжо паклапаціліся пра пасведчанні для падапечных і павесілі на ашыйнік жэтон. Яны разумеюць, што гэта не фармальнасць, а гарантыя бяспекі для жывёлы і навакольных. Нярэдка бывае, што сабака, спалохаўшыся, зрываецца з павадка, уцякае ад гаспадара, а пасля не можа знайсці дарогу дадому. Або ўладальнік дазваляе сабаку ці кату аднаму знаходзіцца на вуліцы. Асабліва гэта датычыцца пражываючых у прыватным сектары. У такіх сітуацыях “уцекач” ці падапечны на вольным выгуле можа апынуцца ў адлове.
– Панікаваць не трэба. Правілы нездарма гавораць: усе хатнія жывёлы павінны быць зарэгістраваны і насіць ашыйнікі з жэтонамі. У службе адлову такія падапечныя ўтрымліваюцца на працягу пяці сутак. За гэты час супрацоўнікі спецарганізацыі павінны паведаміць уладальніку, што гадаванец у іх. Далей гаспадар пацвярджае права на жывёлу і аплачвае выдаткі на яе ўтрыманне.
Яшчэ раз падкрэслім: проста ашыйнік, якім бы яркім ён ні быў, і нават жэтон не гарантуюць, што вашага ката ці сабаку не адловяць, калі яны на самавыгуле. Згодна з правіламі, падапечныя павінны заўсёды знаходзіцца побач з гаспадаром, – пазначыў Сяргей Гайчук.

Адзін, два ці колькі заўгодна?

Пытанне дазволенай колькасці пухнатых сяброў у жылых памяшканнях хвалюе не толькі ўладальнікаў жывёл, але і іх суседзяў, якія не падзяляюць цёплых пачуццяў да хвастатых і адчуваюць дыскамфорт з-за шуму, паху ці проста па факце наяўнасці вялікай колькасці чатырохлапых “кватарантаў”.
– У прыватным доме колькасць жывёл не рэгламентавана, аднак усе падапечныя павінны быць зарэгістраваны. Падатак не спаганяецца толькі за аднаго сабаку, за астатніх трэба плаціць. Сям’і можна ўтрымліваць не больш за двух гадаванцаў у асобнай кватэры шматкватэрнага жылога дома. Там, дзе пражываюць некалькі наймальнікаў, уласнікаў, – не больш за аднаго падапечнага на сям’ю пры згодзе астатніх. Коткі і сабакі ў сельскай мясцовасці таксама павінны быць зарэгістраваны і насіць на ашыйніку жэтон, – распавёў дырэктар райжылкамгасу.

За хвастатага кватаранта трэба плаціць

Падатак за сабаку залежыць ад пароды: раз у квартал плацяць 63 рублі за сабаку патэнцыйна небяспечнай пароды і 13 рублёў за любога іншага. Каты пражываюць бясплатна.
Па словах Сяргея Гайчука, супрацоўнікі службы пастаянна матывуюць людзей ставіцца да гэтай тэмы сур’ёзна. Грамадзянам распавядаюць пра неабходнасць выконваць правілы ўтрымання, на пад’ездах размяшчаюцца памяткі з важнай інфармацыяй.
– Варта адзначыць, калі гадаванец не зарэгістраваны, то яго ўладальніка могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці ў памеры ад 1 да 15 базавых велічыняў (ад 42 да 630 рублёў).
Няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці, а іх выкананне становіцца залогам спакою, бяспекі і праявай клопату аб пухнатым любімцы, – рэзюмаваў наш суразмоўца.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о