Ад лічбаў да чалавечых лёсаўПершае паўгоддзе бягучага года для аддзела ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама выдалася насычаным і па-сапраўднаму цёплым: 90 нованароджаных, 51 новая сям’я, 17 тат, якія прызналі сваё бацькоўства, і мноства іншых кранальных момантаў – усё гэта занатавана ў актавых запісах і сэрцах землякоў. Пра галоўныя падзеі пагутарылі з начальнікам аддзела ЗАГС Ганнай Грэська.

Галоўны цуд – дзеці
Ганна Іванаўна пераканана: кожнае нараджэнне – гэта па-дзея, якая напаўняе святлом увесь раён. Па інфармацыі суразмоўцы, за шэсць месяцаў на Петрыкаўшчыне зарэгістравана 90 нованароджаных, з іх 51 дзіця з’явілася на свет у райцэнтры.
Гендарны баланс амаль ідэальны: 46 хлопчыкаў і 44 дзяўчынкі. Прырода ў гэтым паўгоддзі крыху больш спрыяла будучым мужчынам, але галоўнае, што кожнае дзіця – жаданае і каханае. А двайняты сталі сапраўдным падарункам для сям’і, падарыўшы адразу дзве нагоды для шчасця.
Згодна статыстыкі, 38 сем’яў упершыню спазналі шчасце бацькоўства. 14 сямейных пар зарэгістравалі другое дзіця. 21 сям’я падарыла жыццё трэцяму дзіцяці – гэта сапраўдны ўклад у дэмаграфічную будучыню раёна. 8 сем’яў сталі шчаслівымі бацькамі ў чацвёрты раз, а ў 6 сем’ях нарадзілася пятае дзіця. Тры сям’і адсвяткавалі нара-джэнне шостага дзіцяці.

Імёны, якія выбіраюць сэрцы
Выбар імя для малога – адказны і хвалюючы крок. Маладыя бацькі ў гэтым паўгоддзі спыніліся на прыгожых і гучных імёнах.
Сярод хлопчыкаў лідарамі сталі: Аляксандр, Мацвей і Цімафей – кожным з гэтых імёнаў назвалі 4 немаўляці. Таксама ў першым паўгоддзі зарэгістраваны 3 Арцёма і 2 Паўла.
У дзяўчынак у пашане далікатныя і меладычныя імёны. З пачатку бягучага года Петрыкаўшчына стала “багацей” на 4 Эміліі, 3 Адэліны і Ксеніі, а таксама на 2 Міраславы і Сафіі.

Бацькі: узрост, грамадзянства, каханне
Маладыя матулі ўсе 90 – беларускі, а сярод татаў – адзін грамадзянін Малдовы. Петрыкаўскі раён застаецца прыязным і адкрытым для людзей розных нацыянальнасцей.
Паводзе статыстычных да-дзеных, бацькамі мужчыны Петрыкаўшчыны станавіліся ў 31 год. Сярэдні ўзрост маці – 28 гадоў.
Самы юны бацька толькі ўступае ў дарослае жыццё – яму 17 гадоў. Самай маладой маці – 16. А самыя сталыя бацькі сустрэлі сваё шчасце ў 49 гадоў (бацька) і 42 гады (маці). Як гаворыцца, для кахання і бацькоўства ўзрост не перашкода – важныя толькі каханне і жаданне дарыць цеплыню.

Вясельны вальс: 51 новая сям’я
– Стварэнне сям’і – адна з самых важных і прыгожых падзей у жыцці чалавека. За паўгоддзе 51 пара звязала свае адносіны шлюбам. З іх 32 сям’і зарэгістраваны аддзелам ЗАГС. І асабліва радуе, што 40 чалавек узялі шлюб упершыню, – пазначыла падчас размовы Ганны Іванаўна.
Крыху статыстыкі: сярэдні ўзрост жаніхоў – 33 гады, нявест – 30. Але ёсць і дзіўныя гісторыі: самы старэйшы жаніх сказаў “так” у 69 гадоў, а нявеста – у 68! Самая юная нявеста набыла статус жонкі ў 15 гадоў, а яе мужу – 17. Самы актыўны вясельны дзень – 6 чэрвеня, калі адразу 4 пары вырашылі злучыць свае лёсы. А адна з нявест прыехала да нас з Казахстана – каханне сапраўды не ведае межаў!

Разводы: сумная статыстыка
На жаль, не ўсе гісторыі маюць шчаслівы фінал. 6 пар прынялі рашэнне скасаваць шлюб.
Самая кароткая працягласць шлюбу склала 1 год 1 месяц 6 дзён, самая доўгая – 25 гадоў 3 месяцы 15 дзён.

Бацькоўства і перамены
– Важнай падзеяй паўгоддзя стала 17 устанаўленняў бацькоўства. І што асабліва прыемна – кожнае з іх аформлена па сумеснай заяве абодвух бацькоў. Гэта значыць, што таты не проста прызнаюць сваіх дзяцей, але і робяць гэта свядома, з любоўю і адказнасцю.
Таксама 8 чалавек вырашылі змяніць прозвішча – для адных гэта новы этап у жыцці, для другіх – вяртанне да каранёў.
Акрамя таго, аддзелам ЗАГС было прынята 15 заяў аб унясенні змяненняў у актавыя запісы і выдадзена 80 паўторных пасведчанняў.
Дробязяў у нашай працы не бывае, бо за кожным дакументам, кожным запісам стаіць чалавечы лёс, – падзялілася начальнік аддзела ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама.
У завяршэнні размовы Ганна Іванаўна шчыра падзякавала жыхарам раёна за давер, бо менавіта работнікам ЗАГСа петрыкаўчане давяраюць самыя важныя, хвалюючыя і пераломныя моманты свайго жыцця. Дзверы гэтай установы заўсёды адчынены для кожнага. Тут заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі, даць прафесійную параду, падтрымаць у хвіліны сумневаў і, вядома ж, раздзяліць самае вялікае чалавечае шчасце.
Жыццё працягваецца, а значыць, наперадзе ў аддзела яшчэ шмат працы, напоўненай светлымі надзеямі і падзеямі.

Запісала Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о