Пачатак тыдня на Петрыкаўшчыне азнаменаваны значнай падзеяй – райцэнтр наведала перасоўная абласная выстава “У адзінстве народа – будучыня краіны”.
Адкрыццё выставы на базе раённага Дома культуры адбылося ў панядзелак. У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага аддзялення Гомельскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” Наталля Ходзька, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, моладзь.
“У адзінстве народа – будучыня краіны” – гэта два тэматычныя блокі, з якімі прысутных знаёміла на працягу трох дзён дырэктар Петрыкаўскага краязнаўчага музея Галіна Трухановіч. Гістарычны раздзел быў прысвечаны старонкам гісторыі Беларусі. Тут можна прасачыць ключавыя падзеі польска-савецкай вайны, дэталёва вывучыць умовы Рыжскага мірнага дагавора 1921 года і даведацца пра значэнне вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў 1939 годзе, які паклаў канец перыяду польскага прыгнёту на беларускіх землях.
Другі маштабны блок дэманстраваў дасягненні суверэннай Беларусі, у прыватнасці, Петрыкаўскага раёна ў культуры, спорце і адукацыі, прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Асаблівую ўвагу прысутных прыцягвала экспазіцыя, на якой кожны жадаючы мог пакінуць свае словы і меркаванні на тэму “Тое, што нас яднае”.
Наталля ХОДЗЬКА, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённага аддзялення партыі “Белая Русь”:
–У сучасным свеце, дзе гістарычныя падзеі могуць быць пераасэнсаваны ў розных ключах, выстава выступае не проста як культурная падзея, але і як магутны ідэалагічны інструмент. Яна нясе ў сабе глыбокі сэнс, накіраваны на фарміраванне грамадскай свядомасці.
Тэматычныя блокі выставы паказваюць Беларусь, якой яна была, і якой стала сёння. Гэта магчымасць праз унікальныя фотаматэрыялы глыбей зразумець свае карані, ацаніць працу папярэдніх пакаленняў. Што немалаважна – экспазіцыя прадэманстравала дасягненні і перспектывы развіцця нашай краіны, роднай Петрыкаўшчыны.
Жыхары Петрыкаўшчыны маюць нямала падстаў для гонару. Наш край з кожным годам прыгажэе. Паказчыкамі развіцця з’яўляецца стварэнне новых працоўных месцаў, будаўніцтва жылля, новай сучаснай інфраструктуры, рамонт дарог, удасканаленне турыстычнага і культурнага патэнцыялу. Акрамя таго, перажывае мадэрнізацыю наша сельская гаспадарка. Гэта азначае ўкараненне новых тэхналогій і павышэнне эфектыўнасці вытворчасці ў дадзенай галіне. І гэта далёка не ўвесь спіс таго, што робіцца для паляпшэння жыцця землякоў.
Усе гэтыя пераўтварэнні цесна звязаны з агульным развіццём краіны і ўмацаваннем яе сілы праз адзінства народа. Калі мы аб’яднаны агульнай мэтай, калі кожны адчувае сваю прыналежнасць да вялікай і моцнай дзяржавы, тады і дасягненні становяцца больш значнымі, а будучыня – упэўненай.
Багдан МАЛЬЦАЎ, вучань 11 “Б” класа ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Петрыкава”:
– Наведванне выставы стала для мяне сапраўдным урокам гісторыі.
Арганізатары правялі неверагодную работу, стварыўшы атмасферу, якая дазваляе акунуцца ў розныя эпохі. Кожны фотаздымак, кожная асоба – не проста гістарычны факт, а жывое сведчанне мінулага. Вера Харужая, Мікалай Дворнікаў, Сяргей Прытыцкі – гэтыя імёны праславілі Гомельшчыну ў розныя часы.
Экспазіцыя не абмяжавалася толькі гістарычнымі аспектамі. Яна стала таксама напамінам пра сучасныя дасягненні нашай роднай Петрыкаўшчыны ў розных сферах. З асаблівай цікавасцю я пазнаёміўся з прадукцыяй Петрыкаўскага лясгасу, даведаўся пра перспектывы развіцця нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, азнаёміўся з дзейнасцю горнаабагачальнага камбіната і сельгаспрадпрыемства “Палессе Аграінвест”.
Асаблівы гонар выклікалі дасягненні спартсменаў Гомельшчыны. Імёны Святланы Луконінай, Марыны Ліцвінчук, Надзеі Ляпешка, Ільі Марчанкова, Надзеі Стасенка, Сяргея Новікава, Івана Ціхана, Кацярыны Ільіной, Аляксандра і Андрэя Багдановічаў гучаць з гонарам на рэспубліканскіх і міравых спартыўных арэнах. Іх поспехі – гэта не толькі асабістыя перамогі, але і сведчанне таленту, працавітасці і сілы духу, якія ўласцівы жыхарам нашага краю.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара, Марыі Тамко.







Оставить комментарий