Калі мы чуем “стараста вёскі”, уяўленне часцей за ўсё малюе чалавека, які ўжо выйшаў на заслужаны адпачынак і мае шмат вольнага часу. Аднак жыхарка Бяланавіч Аксана Малак сваім прыкладам даказвае: узрост – не перашкода, для грамадскіх спраў. Галоўнае – мець жаданне сваім прыкладам весці за сабой людзей.
Бяланавічы для Аксаны Малак – месца асаблівае, роднае з дзяцінства. Яна ведае тут кожную сцяжынку, а да мясцовых жыхароў ставіцца, як да сваіх блізкіх. Жыццё распарадзілася так, што сюды прыехала яна жыць і працаваць загадчыкам мясцовай установы культуры. Менавіта гэтая пасада стала першай прыступкай да важнай грамадскай місіі.
– Людзі прыходзілі на канцэрты ці вясковыя сходы і дзяліліся сваімі клопатамі, – успамінае Аксана Міхайлаўна. – То дарога патрабуе рамонту, то святло знікла… Прасілі: “Аксана, ты ў райцэнтр часта ездзіш, зайдзі ў адпаведную арганізацыю, абазнач нашу праблему”.
Так, крок за крокам, гераіня артыкула пачала ўлівацца ў мясцовае самакіраванне. Яе неабыякавасць да жыцця аднавяскоўцаў не засталася незаўважанай: жанчыну з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй заўважылі ў дэпутацкім корпусе раёна і прапанавалі стаць старастай.
Прызнаецца, што спачатку вагалася, бо дадзеная пасада – вялікая адказнасць перад суседзямі, сябрамі і знаёмымі. Але пачуццё абавязку перад людзьмі, якія ёй давяраюць, перамагло сумненні.
Вось ужо больш за 7 гадоў Аксана Міхайлаўна – надзейнае звяно ў камандзе Петрыкаўскага сельскага выканаўчага камітэта. Яна заўсёды знаходзіцца ў цеснай сувязі са старшынёй сельскага Савета і, што самае галоўнае, – з насельніцтвам.
Спектр пытанняў, якія даводзіцца вырашаць маёй суразмоўцы, шырокі. Жанчына прызнаецца: нават у невялікім населеным пункце клопатаў хапае, і часам яны патрабуюць аператыўнага ўмяшання розных службаў. Гэта і кантроль за работай аўталаўкі, парасоўнага медыцынскага пункта, своечасовае давядзенне важнай інфармацыі да жыхароў. Акрамя таго, стараста рэгулярна арганізоўвае сустрэчы з насельніцтвам, дзе кожны можа агучыць сваю праблему ці прапанову.
Асобная тэма – добраўпарад-каванне. Аксана Міхайлаўна пераканана, парадак у вёсцы павінен быць заўсёды:
– Няхай мы не зробім нешта глабальнае, але чысціня на вуліцах – гэта ўжо само сабой зразумела.
У час прыезду ў Бяланавічы мне давялося пагутарыць з мясцовымі жанчынамі. Калі зайшла размова пра старасту населенага пункта, адна з іх адзначыла:
– Наша Аксана? Ды яна не супакоіцца, пакуль не вырашыць пытанне ці не знойдзе на яго адказ.
– Калі што здарыцца – мы адразу да яе. Яна падкажа і дапаможа, – дадала аднасяльчанка
Гэтыя простыя і шчырыя словы – лепшая характарыстыка для чалавека, які ўзяў на сябе адказнасць прадсталяць інтарэсы аднавяскоўцаў.
Сапраўдны лідар не чакае перамен, а стварае іх сам.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.





