Вектар міласэрнасці

0
78

Вектар міласэрнасці

Днямі ў Мінску прайшоў XXVII з’езд Беларускага Чырвонага Крыжа, дзе разгледзелі пытанне аб зацвярджэнні Стратэгіі Беларускага Чырвонага Крыжа на 2027-2031 гады, а таксама ацанілі дзейнасць аб’яднання за 5 гадоў.

З дакладам на мерапрыемстве выступіла член Савета Рэспублікі, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ала Смаляк.
Падводзячы вынікі мінулых 5-ці гадоў, парламентарый адзначыла: у Гомельскай вобласці ажыццяўляюць дзейнасць 25 раённых арганізацый і 1499 пярвічных арганізацый. Яны ахопліваюць 203,14 тысячы членаў БКК, або 15,4 працэнта насельніцтва рэгіёну.

“Мы працягваем развіццё сацыяльных сэрвісаў у рэгіёне на падставе сацыяльных пашпартоў раёнаў, з даступнымі паслугамі, неабходнымі людзям у канкрэтным месцы. Пры раённых арганізацыях працуюць пункты здароўя, сацыяльная пральня, сацыяльнае рэпетытарства, сацыяльнае атэлье, пункт пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, дзіцячыя пакоі, фітнес-цэнтр для пажылых людзей, творчыя майстэрні. За 5 гадоў у сэрвісах вобласці аказана 21 тысяча паслуг для 6-ці тысяч чалавек.

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці парламентарый назвала навучанне насельніцтва асновам аказання першай дапамогі. Так, у Гомельскай вобласці ў 2022 годзе адкрыты пастаянна дзеючы навучальны цэнтр, сфарміравана 6 навучальных пакояў, усе раёны вобласці забяспечаны манекенамі для навучання. За час работы цэнтра праведзена 850 трэнінгаў і 1115 майстар-класаў, навучана больш як 25 тысяч чалавек.

Ала Смаляк пажадала валанцёрам, супрацоўнікам і членам Беларускага Чырвонага Крыжа і надалей працаваць самааддана, прымнажаючы тыя заслугі і дасягненні, якія ёсць.

“Каб энтузіязм валанцёраў, супрацоўнікаў і членаў першасных арганізацый Чырвонага Крыжа не змяншаўся, а кожны новы праект станавіўся крокам да яшчэ больш значных змен у жыцці краіны і нашага Таварыства”.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о