Напярэдадні Дня юрыста, які адзначаецца 7 снежня, мы сустрэліся з Віктарам Дзегелевічам, вельмі сціплым чалавекам, які лічыць, што ў прафесіі юрыста няма нічога незвычайнага.
Калегі характарызуюць Віктара як адказнага, удумлівага, разважлівага чалавека, прафесіянала сваёй справы.
Спецыяльнасць у суразмоўцы адказная – юрыст, прафесіянал у галіне права, заканадаўства і практыкі яго прымянення, абароны правоў і свабод, падтрымкі правапарадку ў розных сферах жыцця.
Больш за дваццаць гадоў наш герой падтрымліваў правапарадак, працуючы ў Петрыкаўскім РАУС, а апошнія два з паловай гады – сочыць за захаваннем і падтрыманнем правапарадку ў галіне юрыспрудэнцыі ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве.
Пасада нашага героя – юрысконсульт СУП “Палессе-Аграінвест”.
Віктар нарадзіўся ў самай глыбіні Петрыкаўшчыны, у вёсцы Філатаўка. Закончыў 9 класаў Кашэвіцкай сярэдняй школы.
– Хадзіць у школу прыходзілася праз лес да суседняй вёскі, вось у гэтых падарожжах і набыў сваё галоўнае захапленне – “ціхае паляванне”. Часам нават да школы не даходзіў – зварочваў у грыбы. З тых часоў і павялося, што збор гэтых дароў прыроды адна з любімых спраў. Люблю рыжыкі, ліпаўкі (мясцовая назва пэўнага віда сыраежак – аўт.), белыя грыбы, і астатнія таксама з задавальненнем пакаштую, – дзеліцца Віктар.
Пасля заканчэння школы юнак паступіў у Пінскі сельскагаспадарчы коледж на спецыяльнасць “тэхнік-землеўпарадчык”.
Затым была служба ў арміі ў пагранічных войсках і праца ў РАУС. Паступіў і завочна скончыў Магілёўскі коледж Міністэрства ўнутранных спраў, атрымаў другую спецыяльнасць “Юрыст. Праваахоўная дзейнасць”.
Калі я запыталася пра прычыну змены месца работы, Віктар адказаў, што часам патрэбна нешта мяняць і ў жыцці, і ў прафесійнай сферы.
Сваю прафесію герой характарызуе адным сказам: юрыст зай-маецца прававым суправаджэннем дзейнасці прадпрыемства.
– Калі браць увогуле, то юрыдычная дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый падобная між сабой, але свая спецыфіка і асаблівасці ёсць у кожнай сферы. Напрыклад, у адной арганізацыі больш запатрабавана суправаджэнне дамоў, у іншай – кадравыя пытанні або іскавая дзейнасць.
У нашай арганізацыі я займаюся рознымі відамі юрыдычнай дзейнасці.

“Юрыст павінен добра валодаць прававой базай, каб укараняць яе ў дзейнасць прадпрыемства, правільна прымяняць яе. Спачатку добрае вывучэнне і веданне заканадаўчых актаў, а затым праецыраванне іх на канкрэтную сітуацыю. Нарматыўныя дакументы – аснова працы юрыста”.

– Юрыст – пасада не кабінетная, як лічыць большасць. Ён прадстаўляе не сябе, як спецыяліста, а ўвогуле арганізацыю, таму павінен валодаць сітуацыяй, пранікнуцца ёй, вывучыць з усіх бакоў – толькі ў гэтым выпадку вынік яго дзейнасці будзе паспяховы.
А гэта без выязду на месца ў розныя падраздзяленні прадпрыемства зрабіць нельга.
Часам трэба дайсці да самага пачатку, каб зразумець і ўрэгуляваць сітуацыю. У якой сферы не працуе юрыст, галоўнае – унікнуць у сутнасць справы, – дадае Віктар.
Герой аповеду лічыць, што ў дзейнасці: супрацоўніка РАУС і ў юрыста сельскагаспадарчай арганізацыі ёсць агульнае – веданне прававых актаў па накірунку дзейнасці. Ён адзначае, што навыкі і веды, набытыя ў якасці супрацоўніка ўнутраных спраў, часам дапамагаюць і на пасадзе юрыста сельгаспрадпрыемства.
Напрыканцы размовы Віктар адзначыў, што галоўнымі дарадцамі ў сваёй рабоце лічыць не толькі атрыманыя веды, але і жыццёвы і працоўны вопыт, яны не раздельныя між сабой, і без іх нельга дасягнуць поспеху.
Надзея Сігай.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о