У лютым 2024 года пачала работу новая каманда народных абраннікаў – у Адзіны дзень галасавання беларусы выбралі заканадаўчую ўладу. Аб выніках сваёй дзейнасці за 2025 год з карэспандэнтам “ПН” падзялілася дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання па Жыткавіцкай выбарчай акрузе №39 Святлана Уладзіміраўна Сянько.

– Святлана Уладзіміраўна, ключавы напрамак дзейнасці дэпутата – законатворчы працэс. Як склаўся ў гэтым плане 2025 год для вас і вашых калег?
– За справаздачны перыяд адбылося 27 пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў, прынята 75 законапраектаў. Важным стала прыняцце бюджэтна-падатковых дакументаў на 2026 год, заканадаўчых мер па развіцці сацыяльнай сферы. Асаблівая ўвага нададзена ўдасканаленню абароны дзяцей ад інфармацыі, якая прычыняе шкоду іх здароўю і развіццю, мерам па ўзмацненні абароны непаўналетніх ад насілля ў любым яго праяўленні.
Зроблены сур’ёзны крок у змяненні Правілаў дарожнага руху, абнаўленні прававога заканадаўства, забеспячэнні нацыянальнай бяспекі.
У Палаце прадстаўнікоў з’яўляюся намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях. У мінулым годзе ўдзельнічала ў 10 пасяджэннях, рабочых групах Пастаяннай камісіі. Камісія вяла работу па падрыхтоўцы да разгляду 4 законапраектаў. У Авальнай зале Палаты прадстаўнікоў разгледжаны і прыняты 2 праекты закона: “Аб змяненні законаў па пытаннях пенсійнага забеспячэння”, “Аб змяненні законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння” – за падрыхтоўку якога я з’яўлялася адказнай.
Адначасова на пасяджэннях Пастаяннай камісіі вялася праца над праектамі законаў, якія знаходзіліся на падрыхтоўцы ў іншых профільных камісіях Палаты прадстаўнікоў. На сустрэчах з выбаршчыкамі парламентарыі знаёмяць насельніцтва з ужо ўступіўшымі ў сілу законамі, з той работай, якая вядзецца. Калі паступаюць слушныя заўвагі – даводзім іх да профільных камісій, міністэрстваў і ведамстваў.
– Беларусь адкрыта для супрацоўніцтва з дружалюбнымі краінамі. Які ўклад уносяць парламентарыі ў наладжванне міжнародных сувязей?
– Важнейшымі падзеямі ў міжнароднай дзейнасці мінулага года сталі ўдзел у сумеснай калегіі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Расіі і Беларусі, пасяджэнні рабочай групы, арганізаванай Дзяржаўнай Думай Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі ў мэтах вывучэння вопыту Рэспублікі Беларусь па рэалізацыі мер падтрымкі сем’яў з дзецьмі і стымуляванні нараджальнасці.
Прыняла ўдзел у пасяджэнні пастаянна дзеючага семінара пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі, у Беларускім юрыдычным форуме, пасяджэнні Камісіі Парламенцкага Сходу па працы і сацыяльных пытаннях, у семінары па пытаннях сусветнай палітыкі па супрацоўніцтве з краінамі Афрыкі і далейшых планах па замацаванні Беларусі на найбагацейшым Афрыканскім кантыненце.
Працую ў складзе рабочых груп Нацыянальнага сходу РБ па супрацоўніцтве з Парламентамі: Ісламскай Рэспублікі Іран, Рэспублікі Балгарыя, Рэспублікі Казахстан.
– Асаблівая ўвага ў дэпутацкай дзейнасці надзяляецца рабоце з выбаршчыкамі. Якія арыенціры вы тут для сябе расставілі?
– Я штомесяц бываю ў сваёй выбарчай акрузе. Заўсёды імкнуся быць максімальна даступнай для людзей, падтрымліваю цесны кантакт з мясцовымі органамі ўлады і самакіравання, рэгулярна сустракаюся з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый.
За мінулы год мною арганізаваны і праведзены 17 асабістых прыёмаў грамадзян, у тым ліку 11 выязных, 12 “прамых тэлефонных ліній”. Прынята 65 выбаршчыкаў, разгледжана 69 зваротаў.
Па паступіўшых пытаннях, якія ў асноўным тычыліся работы жылёва-камунальнай службы, сістэмы аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння, культуры, спорту, арганізацыі работы пасажырскага транспарту прымаліся аператыўныя меры па іх вырашэнні. Па некаторых – на месцы даваліся абгрунтаваныя тлумачэнні. Большасць зваротаў вырашана станоўча, некаторыя з пастаўленых пытанняў узяты на кантроль,так як для вырашэння іх неабходны значныя фінансавыя сродкі.
Як прыклад станоўчага ўзаемадзеяння са службамі і падраздзяленнямі – заасфальтавана дарожнае палатно па вуліцы Палескай у Петрыкаве, аказана садзейнічанне ў падключэнні дзвюх кватэр да электраацяплення ў аграгарадку Навасёлкі, усталяваны спецыялізаваны павільён для чакання аўтакрамы ў аграгарадку Камаровічы.
Застаюцца на кантролі пытанні рамонту дарог, транспартных зносін, паляпшэння якасці пітной вады, рэканструкцыі электрасетак у аграгарадках Навасёлкі і Камаровічы.
З мэтай данясення інфармацыі па актуальных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных тэмах праведзена 136 сустрэч. У жыхароў Петрыкаўшчыны была выдатная магчымасць не толькі атрымаць інфармацыю, але і задаць свае пытанні і атрымаць адказы.
Прымала ўдзел у пасяджэннях Прэзідыума, сесіях Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў, “Днях дэпутата” ў Мышанцы і Камаровічах. Вывучала арганізацыю работы служб, рэалізацыю дзяржаўных праграм, праводзіла маніторынг цэн.
– Дэпутаты не застаюцца ў баку ад грамадскага жыцця…
– Неад’емнай часткай сваёй работы лічу ўдзел ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да дзяржаўных святаў, у падзейных мерапрыемствах краіны.
Кожны прыезд у акругу суправаджаўся ўдзелам у мерапрыемствах. Адкрыццё “Школы міру”, маладзёжны аўтапрабег “Розныя раёны, але памяць і гісторыя адна”, дыялогавая пляцоўка “Моладзь. Патрыятызм. Будучыня”, форум бацькоў “Бацькі. Сям’я. Будучыня”, народны праект “Самаробная зорачка”, акцыі “Дзякуй за працу, хлебаробы!», “Шчаслівая сям’я – шчаслівае дзяцінства”, “Лес! Дабро! Парадак!”, “Збяры партфель першакласніку”, “Нашы дзеці”, “Ад усёй душы” – гэта далёка не ўвесь спіс мерапрыемстваў з маім удзелам.
– Што плануеце на бягучы год?
– Далейшая работа таксама будзе накіравана на выкананне перадвыбарных абавязацельстваў і сацыяльна-эканамічнага развіцця выбарчай акругі і Рэспублікі Беларусь у цэлым. Будзем і далей у народным адзінстве і згуртаванасці ісці беларускім курсам.
– Святлана Уладзіміраўна, вы сказалі пра беларускі курс. Што для вас, як прадстаўніка ўлады, абвешчаны Прэзідэнтам краіны Год беларускай жанчыны?
– Гэта магчымасць па-асабліваму зірнуць на ролю, уклад і значэнне нашых жанчын ва ўсіх сферах жыцця. І разам з вамі, маімі выбаршчыкамі, нам неабходна зрабіць гэты год па-сапраўднаму значным для кожнай беларускай жанчыны, для кожнай сям’і, для ўсёй нашай краіны!

Гутарыла
Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о