Вясновая пасяўная кампанія ў Петрыкаўскім раёне выйшла на фінішную прамую. У СУП “Палессе-Аграінвест” асноўныя плошчы пад раннія яравыя ўжо асвоены, аднак цішыні на палях няма. Суботнім днём яравую сяўбу ва ўрочышчы Янава балота асабіста інспектаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Верамееў.

Так, за пару гадзін тут быў засеяны аўсом участак 26 гектараў. На сеялцы – адзін з перадавых механізатараў гаспадаркі Юрый Лімараў. Высокія тэмпы і строгае выкананне агранамічных норм атрымалі станоўчую адзнаку старшыні райвыканкама.
Па інфармацыі кіраўніка СУП “Палессе-Аграінвест” Алены Асадчай, цяпер у аграрыяў адказны “перазменак”: трэба завяршыць бягучыя работы і ў поўным узбраенні сустрэць сяўбу каралевы палёў – кукурузы.
Нягледзячы на тое, што фактычна ранняя сяўба завершана, тэмп у гаспадарцы не змяншаюць. Цяпер асноўныя сілы кінуты на падрыхтоўку глебы, унясенне угнаенняў і закрыццё вільгаці. Кожная пагодлівая гадзіна на рахунку, бо ў сельскай гаспадарцы, як вядома, дзень год корміць.
Дырэктар СУП “Палессе-Аграінвест” трымае руку на пульсе штодня. Паводле яе слоў, сёлетняя вясна патрабуе ад калектыву асаблівай мабілізацыі.
– Галоўныя нашы арыенціры – гэта хуткасць і аператыўнасць, але ні ў якім разе не ў шкоду якасці. Мы разумеем, што падмурак будучага ўраджаю закладваецца менавіта зараз. Тэхніка ў полі працуе з раніцы і да заходу, людзі настроены рашуча, – далажыла кіраўніку раёна Алена Мікалаеўна.
Цяпер аграрыі ўважліва сочаць за прагнозамі сіноптыкаў. Пахаладанне ўнесла карэктывы ў графік: сяўбу кукурузы, якая патрабуе прагрэтай глебы, прыйшлося ненадоўга адкласці. Аднак гэтая паўза – толькі бачная. У мехдварах ідзе фінальная праверка сеялак, а спецыялісты яшчэ раз вывяраюць лагістыку падвозу насення.
– Мы поўнасцю гатовы да старту кукурузнай кампаніі. Як толькі сыдуць халады і глеба дасягне патрэбных тэмператур, сеялкі неадкладна выйдуць у поле. Чакаць нельга – трэба злавіць момант, пакуль у зямлі дастаткова вільгаці, – распавёў намеснік кіраўніка гаспадаркі па раслінаводстве Іван Фешчанка.
– Зладжанасць дзеянняў і жалезная дысцыпліна – вось што дазваляе “Палессе-Аграінвест” упэўнена ісці па графіку пасяўной. Наперадзе – вялікі этап работы з кукурузай, і аграрыі Петрыкаўшчыны гатовы даказаць: любыя капрызы надвор’я пасуюць перад прафесіяналізмам і адданасцю сваёй справе, – пазначыў нашаму карэспандэнту старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о