Хочаш жыць – умей круціцца! Чаго толькі не прыдумляюць еўрапейскія ўрады, каб папоўніць бюджэты краіны. Напрыклад, здаць у арэнду турмы!
Да гэтага працэсу далучылася і Эстонія: заключыла пагадненне са Швецыяй. 300 камер у Тарту зоймуць асуджаныя з гэтай краіны. Талін не толькі хоча атрымаць грошы (каля 30 мільёнаў еўра ў год), але і адкрыць новыя працоўныя месцы. Між тым, крымінальна-выканаўчая сістэма Эстоніі ўжо і зараз сутыкаецца з сур’ёзным кадравым дэфіцытам. Дадайце да гэтага крымінальную рызыку – атрымліваецца не зусім вясёлая сітуацыя.
Але кіраўнік Мінюста Лійза-Лі Пакоста паспяшалася супакоіць грамадства, што ў Тарту будуць завозіць “здаровых дарослых мужчын, якія не радыкалізаваны, не звязаны з бандыцкай злачыннасцю, не маюць патрэбы ў асаблівым наглядзе і не маюць цяжкіх псіхіятрычных захворванняў”. Узнікае пытанне: а за што ж асудзілі гэтых годных лю-дзей? Вось і апазіцыйныя партыі краіны засумняваліся і разведалі са шведскіх крыніц, што да гэтага пераліку трэба дадаць асуджаных за наўмысныя забойствы і сэксуальныя злачынствы, а яшчэ і тое, што яны будуць з ліку мігрантаў. А гэта ўжо зусім іншая справа, таму што патрэбны будуць перакладчыкі прыкладна… са 120 моваў! А выдаткі на гэта пойдуць ужо з бюджэту Эстоніі.
Праціўнікі гэтага пагаднення выказваюць перасцярогу, што асуджаных будуць наведваць блізкія і знаёмыя, і гэта можа значна паўплываць на крымінагенную абстаноўку ў краіне.
На мой погляд, урад Эстоніі дзейнічае паводле вядомага выразу: “Трэба спярша ўвязацца ў бой, а там бачна будзе”. Толькі сутнасць у тым, што “ўвязваецца” ўрад, а паследствы б’юць па звычайных людзях.
Надзея СІГАЙ.





Оставить комментарий