Выезд у аграгарадок Навасёлкі быў абумоўлены прыемнай нагодай. Жыхары Петрыкаўшчыны звярнуліся ў рэдакцыю, каб выказаць словы шчырай удзячнасці медыкам “хуткай” дапамогі Навасёлкаўскай бальніцы сястрынскага догляду. За такой просьбай землякоў – выратаваныя жыцці і ўпэўненасць у тым, што побач працуюць сапраўдныя прафесіяналы.

 

Прафесіяналізм і адданасць справеСваю нялёгкую вахту на хуткай дапамозе ў Навасёлкаўскай бальніцы нясуць Марына Ракіцкая і Святлана Дубіна. Абедзве жанчыны прыйшлі ў дадзеную ўстанову аховы здароўя адразу пасля атрымання медыцынскай адукацыі і засталіся вернымі свайму выбару на доўгія гады.
Марына Ракіцкая – чалавек, чый лёс непарыўна звязаны з Навасёлкамі. Суразмоўца з усмешкай прызнаецца: нарадзілася ў мясцовым роддоме, тут і знайшла сваё прызванне. Прыклад маці, якая працавала медсястрой у бальніцы, стаў для дзяўчыны вызначальным: назіраючы за нялёгкай, але высакароднай працай, дачка цвёрда вырашыла пайсці па яе слядах. Пасля школы, якую закончыла з залатым медалём, маладая зямлячка была залічана ў Гомельскае медыцынскае вучылішча на спецыяльнасць “Лячэбная справа”.

Прафесіяналізм і адданасць справе– Пасля атрымання сярэднеспецыяльнай адукацыі прыехала на малую радзіму. Як сёння памятаю той дзень – 1 красавіка 1991 года, я ўпершыню прыступіла да працы на хуткай, – успамінае медык. – На той час у нашай установе працавалі пяць урачоў, а ўзначальвала калектыў Ліна Іванаўна Крук – прафесіянал з вялікай літары. Тады жыццё ў сельсавеце “кіпела”, насельніцтва было вялікім.
Марына Адамаўна ўспамінае, што хворых у тыя часы практычна не вазілі ў райцэнтр, усю дапамогу стараліся аказаць на месцы. Вядома, спачатку было хвалююча, але ўпэўненасці надавалі вопытныя калегі, якія заўсёды падтрымлівалі і вучылі прымаць правільныя рашэнні.
Такім жа нязменным членам калектыву хуткай дапамогі з’яўляецца Святлана Дубіна, якая ў старэйшых класах Чалюшчавіцкай сярэдняй школы вырашыла, што звяжа свой лёс з медыцынай. Мара стала мэтай, і пасля атрымання атэстата дзяўчына паступіла ў Мазырскае медыцынскае вучылішча на спецыяльнасць “Лячэбная справа”.

Прафесіяналізм і адданасць справе– У 1995 годзе, атрымаўшы дыплом, прыехала ў Навасёлкі на працу. Як і маёй калезе ў першыя гады вялікую падтрымку аказвалі вопытныя медработнікі, – уключаецца ў размову Святлана Мікалаеўна, – Сярод тых, хто стаў для мяне сапраўдным настаўнікам была Лідзія Кранідаўна Шляга, якая доўгі час працавала на хуткай дапамозе.
З дня ў дзень, на працягу больш за трыццаць гадоў, фельчары Марына Ракіцкая і Святлана Дубіна спяшаюцца на выклікі. Кожны з іх – гэта адказнасць за самае каштоўнае, што ёсць у чалавека – жыццё. За доўгія гады практыкі яны навучыліся захоўваць спакой у самых крытычных сітуацыях, прымаць дакладныя рашэнні і знаходзіць патрэбныя словы падтрымкі для пацыентаў і іх блізкіх.
Жанчыны прызнаюцца: праца на хуткай – гэта заўсёды выпрабаванне на прафесіяналізм, колькі б часу ты не працаваў у галіне. Бывае, у экстраных выпадках фельчары працуюць разам, каб захаваць жыццё чалавеку.

Прафесіяналізм і адданасць справе Прафесіяналізм і адданасць справеАднак, як адзначаюць суразмоўцы, іх справа залежыць і ад тых, хто знаходзіцца за рулём спецаўтамабіля. Побач з фельчарамі хуткай дапамогі надзейныя таварышы – вадзіцелі Аляксандр Чэркас, які працуе на хуткай больш за пяць гадоў, Іван Цяслюк – каля двух гадоў, Уладзімір Сеўрук – сапраўдны ветэран службы, які аддаў гэтай нялёгкай справе больш за дваццаць гадоў. Геаграфія работнікаў хуткай дапамогі Навасёлкаўскай бальніцы ўражвае: брыгады абслугоўваюць каля дваццаці населеных пунктаў раёна.
Жыхары Петрыкаўшчыны ганарацца сваімі медыкамі. І гэтая падзяка – найвышэйшая ўзнагарода для тых, хто выбраў сваім прызваннем ратаваць людзей. Дзякуй вам, шаноўныя, Марына Адамаўна і Святлана Мікалаеўна, за вашу нястомную працу, чуласць і прафесіяналізм!

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о