На гэтым тыдні адсвяткаваў сваё 70-годдзе Ганаровы грамадзянін Петрыкаўскага раёна, былы кіраўнік Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, а цяпер старэйшы інспектар прадпрыемства Сцяпан Бамбіза. У свой юбілей Сцяпан Мікалаевіч прымаў віншаванні ад тых, хто цэніць яго працу і ўклад у развіццё роднага краю. Кіраўніцтва раёна, работнікі Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, у тым ліку, выказалі сваю глыбокую павагу і ўдзячнасць земляку.

Калі мы чуем назву аграгарадка Ляскавічы, у нашай свядомасці выбудоўваецца ланцужок асацыяцый, які вядзе нас да ўнікальных культурных аб’ектаў: Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, фестываль “Кліч Палесся”, «Сафары-парк», “Музей Прыроды”. Мы смела можам сцвярджаць, што ўсе гэтыя дасягненні – плён старанняў, сведчанне любові да Петрыкаўшчыны Сцяпана Бамбізы.
За многія гады працы на пасадзе генеральнага дырэктара НП “Прыпяцкі” наш зямляк прыклаў усе намаганні, каб яго малая радзіма стала квітнеючым куточкам з развітай інфраструктурай, працоўнымі месцамі, жыллём.
– Ляскавічы – малая радзіма для цэлага пакалення маіх продкаў. Прадзед, да прыкладу, быў узнагароджаны царскім медалём за стараннасць у ахове лясоў. Дзед усё жыццё працаваў лесніком, падчас вайны дапамагаў партызанам. Бацька з першага дня Вялікай Айчыннай быў на фронце, – дзеліцца Сцяпан Мікалаевіч. – Я, нарадзіўшыся на гэтай зямлі, усім сэрцам з дзяцінства палюбіў жывапісныя пейзажы, багатую на рыбу Прыпяць. Так сталася, што ўсё прафесійнае жыццё прысвяціў служэнню гэтаму жывапіснаму куточку.
Сцяпан Бамбіза не хавае: тое, што пра прыгажосць Петрыкаўшчыны, яе турыстычны патэнцыял ведаюць не толькі ў краіне, але і далёка за яе межамі – заслуга Прэзідэнта краіны, які звярнуў увагу на наш палескі куток.
– У час адной з рабочых паездак на Гомельшчыну Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Давайце возьмем ад гэтай зямлі ўсё магчымае. Мы павінны ва ўсёй красе прадставіць свету людзей, якія тут жывуць. Яны гэтага заслугоўваюць. Тут жа на кожным кавалку гаворыць альбо гісторыя, альбо прырода”, – успамінае суразмоўца. – У 1994 годзе Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны запаведнік быў перададзены ў ведамства Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. А на наступны год з рабочым візітам прыехаў Кіраўнік дзяржавы. Сустрэча з вяскоўцамі на гэтых тэрыторыях стала ў нейкай ступені лёсавызначальнай. Тады былі абазначаны праблемы прыродаахоўных тэрыторый, сельскай гаспадаркі, развіцця вёскі. Былі пастаўлены задачы.
– Падвесці Прэзідэнта мы не маглі. Палешукі не ўмеюць інакш: калі бярэмся за справу, выконваем яе добра. Ды што казаць, праца ўся задумвалася, у першую чаргу – для нас, жыхароў Петрыкаўшчыны, – працягвае юбіляр. – Праз год, у 1996-м, мясцовы запаведнік быў рэарганізаваны ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”. Узнікла жаданне зрабіць Ляскавічы непаўторнымі.
У 2010 годзе заявіў пра сябе “Кліч Палесся” – яго канцэпцыя добра лягла ў рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы сацыяльнаэканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. У 2012 годзе – створаны Музей прыроды, 2020 – Музей пад адкрытым небам. Герой прызнаецца, што даводзілася чуць: маўляў, навошта ўкладвацца, трэба захоўваць тое, што ёсць. Яго заўсёды такія думкі здзіўлялі. Час не стаіць на месцы.
Удасканальвацца, развівацца – гэта нармальнае жаданне.
Сцяпан Мікалаевіч не хавае радасці ад таго, якой стала яго малая радзіма. Прыемна бачыць і тое, што новая змена кіраўніцтва, работнікаў Нацыянальнага парка працягвае справу сваіх папярэднікаў, захоўваючы і памнажаючы яго багацце.
“Прыпяцкі» сёння – гэта сапраўдны брэнд Беларусі. Як адзначае зямляк – гэта невыпадкова.
– Што ж робіць Нацыянальны Парк такім прывабным? Перш за ўсё, гэта разнастайнасць прапанаваных маршрутаў: водных,пешшых, аўтамабільных, экалагічных. Тут паклапаціліся і пра камфортнае пражыванне на любы густ. Ад утульных гасцявых домікаў, дзе можна адчуць сябе як дома, да сучаснай гасцініцы, якая прапануе ўсе зручнасці для адпачынку, – адзначае Сцяпан Мікалаевіч. – Асабліва варта адзначыць развіццё Ляскавіч. Гэта ўжо сучасны аграгарадок, куды едзе моладзь, дзе хочацца жыць, тварыць.
Радасць нашага суразмоўцы – гэта радасць за сваю зямлю, за яе будучыню. І гэтыя пачуцці цалкам апраўданая.
Шаноўны, Сцяпан Мікалаевіч, віншуем вас з юбілеем!
Жадаем доўгіх і шчаслівых гадоў жыцця на прыгожай Ляскавіцкай зямлі, каб кожны дзень быў напоўнены радасцю і любоўю блізкіх. Няхай ваша энергія і аптымізм працягваюць натхняць землякоў на плённую працу на карысць роднай зямлі!

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о