Рынак працы пастаянна развіваецца і трансфармуецца. Як паспяхова да яго адаптавацца, калі ты ў пошуку работы – даведаліся ў намесніка начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганны КАРОЛЬ.
– Ганна Мікалаеўна, куды звярнуцца чалавеку, калі ён апынуўся ў пошуку работы?
– На дапамогу ў такіх выпадках прыходзіць служба занятасці. Пры жаданні менш чым за год беспрацоўныя могуць прайсці навучанне па запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях. Навучанне па накіраванні аддзела занятасці ажыццяўляецца бясплатна. У перыяд навучання за грамадзянінам захоўваецца права на атрыманне дапамогі па беспрацоўі.
– У якіх выпадках беспрацоўныя маюць права разлічваць на дапамогу службы занятасці?
– Калі адсутнічае магчымасць падабраць неабходны від дзейнасці з-за таго, што саіскальнікі яшчэ не атрымалі прафесію, спецыяльнасць, кваліфікацыю, а таксама калі ў базе вакансій няма прапаноў, якія адпавядаюць наяўным у чалавека прафесійным навыкам. На перанавучанне накіроўваюць і тых, хто не здольны выконваць работы па набытай раней спецыяльнасці, у тым ліку па
медыцынскіх супрацьпаказаннях.
– Якія прафесіі можна асвоіць? Дзе праходзіць навучанне?
– Такіх прафесій дзясяткі – ад прадаўца да індывідуальнага прадпрымальніка. У моладзі найбольш запатрабаваныя такія як кухар, кандытар, прадавец, цырульнік, майстар па манікюры, электрык, слесар па рамонце аўтамабіляў, электрагазазваршчык. Навучанне праходзіць ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці. На асваенне справы, у залежнасці ад выбранай прафесіі, у сярэднім патрабуецца ад паўтара да чатырох месяцаў.
– Што ляжыць у аснове сістэмы навучання пры дапамозе службы занятасці?
– Заказ наймальніка. Гэта значыць, дзяржава навучае людзей пад канкрэтныя вакансіі, якія ёсць на рынку працы. У гэтым выпадку заключаецца дагавор паміж службай занятасці, беспрацоўным і наймальнікам. У дакуменце вызначаюцца правы і абавязкі бакоў, а таксама адказнасць за парушэнне ўмоў, пры гэтым працадаўца гарантуе працаўладкаванне пасля завяршэння курса навучання. У выпадку, калі беспрацоўны прайшоў навучанне за бюджэтныя сродкі, але адмовіўся ад працаўладкавання або не адпрацаваў устаноўлены тэрмін, ён абавязаны пакрыць выдаткі на сваё навучанне.
– У 2025 годзе ўнесены змены ў шэраг нарматыўных актаў, якія рэгулююць занятасць насельніцтва. Якія б новаўвядзенні вы б адзначылі?
– Адным з такіх з’яўляецца тое, што ўпершыню ўведзена магчымасць навучання на вадзіцельскія катэгорыі, уключаючы сельскагаспадарчую тэхніку. Акрамя таго, з’явілася магчымасць дыстанцыйнага навучання беспрацоўных. Для атрымання падрабязнай інфармацыі зацікаўленыя могуць звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Петрыкаўскага райвыканкама, дзе спецыялісты правядуць кансультацыю па тэме.
Гутарыла
Святлана СОБАЛЕВА.






Оставить комментарий