У Дзень Незалежнасці Гомельшчына традыцыйна ўшаноўвала тых, на чыіх плячах трымаецца наш рэгіён, хто аддана і ўпарта працуе на яго дабрабыт і росквіт. Ганаровае званне “Чалавек года” атрымалі 23 прадстаўніка розных сфер вобласці па сямі намінацыях: “Служу Айчыне”, “Майстар”, “Лідар”, “Адкрыццё”, “Прызванне”, “Кіраўнік”, “Чалавек на зямлі”. Адной з тых, хто адзначаны ў намінацыі “Служу Айчыне”, стала старшыня Колкаўскага сельскагаСавета дэпутатаў, сельскага выканаўчага камітэта Ганна Уладзіміраўна Сянько.
Ганна Сянько – адна з вопытных кіраўнікоў мясцовай улады, якая заўсёды на “перадавой”. Пачала свой шлях у органах самакіравання Ганна Уладзіміраўна ў 1990 годзе ў якасці сакратара сельскага Савета (на той час пасада была выбарная з ліку дэпутатаў). 22 гады Ганна Уладзіміраўна нязменна займала гэту пасаду, апошнія 14 гадоў яна ўзначальвае Колкаўскі сельскі савет.
Станаўленне мясцовых органаў улады незалежнай Беларусі праходзіла пры непасрэдным удзеле Ганны Сянько. Яна ўспамінае:
– 90-я гады былі вельмі цяжкімі: прадукты харчавання, мэбля, адзенне выдаваліся па купонах, а затым па талонах. Сельскі савет складаў спісы на хлеб, якія актуалізаваліся раз у месяц, і падаваў іх у краму. Мэбля таксама выдавалася па спісках – звычайны ложак ці стол без спіску набыць не было магчымасці. Гэтыя журналы ўліку, купоны – гісторыя, якую мала хто памятае, рарытэт.
– Прадстаўнікі мясцовай улады, таксама як і прадстаўнікі сілавых структур, стаяць на варце Айчыны. Наша зброя – гэта наша слова! – дадае старшыня сельскага савета.
І ў наш час ні адна справа на тэрыторыі сельскага Савета не абыходзіцца без старшыні – канцэрты і суботнікі, мітынгі і школьныя мерапрыемствы. У полі зроку Ганны Сянько састарэлыя і тыя, хто зведаў жахі Вялікай Айчыннай, шматдзетныя сем’і і нядобранадзейныя грамадзяне. Аднаму трэба дапамагчы, іншага выслухаць і даць параду, а некага і паўшчуваць.
Колкаўскі сельскі савет – гэта адзін аграгарадок і 4 вёскі. У кожную трэба наведацца, трымаць на ўвазе праблемныя пытанні, ведаць, што і дзе адбываецца.
Уручаючы ўзнагароду, старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Крупко адзначыў:
– Больш за тры дзесяцігоддзі служыць сваёй малой радзіме Ганна Сянько. Яна ведае па імёнам жыхароў вёсак, іх клопаты і праблемы, а таму сельскі савет становіцца не проста органам улады, а сапраўдным цэнтрам жыцця тэрыторыі.
“Служу Айчыне” – гэта для старшыні Колкаўскага выканаўчага камітэта не проста намінацыя, а крэда, з якім яна ідзе на жыцці. Ганна Уладзіміраўна – узор кіраўніка, які фарміруе станоўчы імідж мясцовай улады, якая аказвае дзейсную дапамогу і падтрымку.
Надзея СІГАЙ,
фота Галіны КАЗАК.







Оставить комментарий