Словы ад сям’і пазаштатных аўтараў

0
101

Пачатак мая бягучага года асаблівы для супрацоўнікаў газеты “Петрыкаўскія навіны”. Выданне адзначыла 95-гадовы юбілей і прафесійнае свята – Дзень друку.
Асаблівую радасць у святочныя дні прыносілі віншаванні ад тых, хто з’яўляецца неад’емнай часткай нашай газетнай сям’і – пазаштатных аўтараў. Мы шчыра ўдзячныя кожнаму з іх за ўклад у развіццё раённага выдання. І сёння хочацца падзяліцца вытрымкамі з лістоў некаторых з іх.

Словы ад сям'і пазаштатных аўтараў

Любоў АРЛОВА:
– Прайшло ўсяго 19 гадоў з таго часу, як я вярнулася з Украіны на сваю малую радзіму. Была я ўжо адбыўшымся аўтарам пяці кніг вершаў, маючы мноства публікацый па ўсёй Украіне. Ужо ў тыя далёкія гады я друкавалася ў беларускім часопісе “Няміга літаратурная”.
Памятаю, калі пераехала ў Петрыкаў і пачала публікавацца, мая настаўніца па рускай мове і літаратуры з другой гарадской школы Тамара Андрэеўна Дзечка-Часнакова перадала мне першы напісаны мною верш у восьмым класе. Падтрымлівалі мяне ў маёй творчасці многія на Петрыкаўшчыне. Рэдакцыя «Петрыкаўскіх навін» для мяне зрабіла неацэнны падарунак: на старонках газеты была надрукавана аповесць «Апаленыя вайной» пра баявы шлях маіх бацькоў-партызан Вялікай Айчыннай вайны….

Словы ад сям'і пазаштатных аўтараў

Ніна АЧАПОЎСКАЯ:
– Газета стала для нас, чытачоў, не толькі роднай, а сапраўднай “народнай” газетай.
Я памятаю тыя далёкія пасляваенныя гады, калі наша раёнка была “Сцяг Кастрычніка”. Мой тата прыносіў нумары выдання з калгаснай канторы – бо газета прыходзіла толькі туды і ў сельскі Савет. Пазней раёнка стала выходзіць пад назвай “За новыя рубяжы”. І хаця людзі выпісвалі і іншыя газеты: саюзныя, абласныя, рэспубліканскія, але ў рукі бралі ў першую чаргу родную і блізкую ўсім мясцовую газету.
Вось ужо 76 гадоў раённае выданне крочыць побач са мной па жыцці. Спачатку я была ў якасці чытача, пачынаючы з 1993 года – у якасці селькора.
З асаблівай удзячнасцю і павагай успамінаю Івана Дзмітрыевіча Самахвалава. Менавіта ён стаў маім настаўнікам у спробах пісаць. Згадаю і пра Пятра Уладзіміравіча Шадуру. Гэта ён адстойваў ідэю, каб «Навіны» заставаліся беларускамоўнай газетай…

Словы ад сям'і пазаштатных аўтараў

Галіна ВЯРАКСА:
– Амаль стагоддзе «Петры-каўскія навіны» з’яўляюцца рупарам краю.
Жыхары нават самых маленькіх вёсачак маюць магчымасць атрымаць два разы на тыдзень яе свежы экзэмпляр. Маё знаемства з газетай пачалося ў 1963 годзе, калі я вучылася ў першай гарадской школе і стала членам літаратурнага аб’яднання «На крылах паэзіі» пры раённай газеце. Кіраваў ім Іван Самахвалаў.
Першы мой верш пра родную вёску быў надрукаваны ў раёнцы разам з вядомымі аўтарамі Петрыкаўшчыны таго часу.
Лёс яшчэ больш цесна звязаў мяне з раеннай газетай, калі я працавала на пасадзе загадчыка інфармацыйнага аддзела райвыканкама…

Словы ад сям'і пазаштатных аўтараў

Антаніна РЫБАЛКА:
– Хачу ад усяго сэрца павін-шаваць сваю родную, любімую раённую газету. Газету, якая стала для мяне не проста крыніцай навін, а сапраўдным сябрам і настаўнікам.
Маё знаёмства з ёю адбылося даўно, яшчэ ў 1980 годзе. Менавіта тады на старонках газеты быў надрукаваны мой першы верш «Дуб».
…Асабліва хачу падкрэсліць важнасць «Петрыкаўскіх навін» у выхаванні новага пакалення журналістаў. Няхай менавіта з вашых старонак пачнуць свой шлях новыя, яркія імёны, якія працягнуць традыцыі і будуць з гонарам несці эстафету сённяшніх пазаштатнікаў…

Падрыхтавала
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара, з сямейнага архіву.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о