Нам 95! Гэта многа ці мала? Для чалавека – амаль вечнасць, для гісторыі – толькі кароткі ўдых. Але для газеты, якая кожны дзень пражывае жыццё цэлага раёна, гэты час вымяраецца не гадамі, а лёсамі землякоў. За гэтай прыгожай лічбай – 10639 нумароў, тысячы світанкаў, калі сон журналіста абрывае чарговая геніяльная ідэя, і тысячы вечароў, калі ў вокнах нашай рэдакцыі падоўгу не згасае святло. Гэта не проста хроніка падзей, гэта калектыўная памяць, беражліва сабраная па крупіцах. А яшчэ, гэта давер чытачоў, які немагчыма купіць, і тое няўлоўнае пачуццё дачынення, якое звязвае нас усіх у адну вялікую сям’ю.

Ад першага нумара да сучаснасці

Усё пачалося 1 мая 1931 года. Тады, у разгар вясны, выйшаў першы нумар “Калгасніка Петрыкаўшчыны”, і з таго часу наша агульнае дыханне не перарывалася ні на дзень. Газета мяняла назвы, як чалавек мяняе адзенне ў розныя эпохі. Мы памятаем гераічную “Сталінскую Праўду”, якая натхняла на подзвігі, пасляваенны “Сцяг Кастрычніка” і стваральную працу пад лозунгам “За новыя рубяжы”. Сёння “Петрыкаўскія навіны” працягваюць гэтыя слаўныя традыцыі.
У наш век вялікіх хуткасцей існуе меркаванне, што газета жыве адзін дзень, да выхаду наступнага нумара. Але падшыўкі “Петрыкаўскіх навін” 40-х, 50-х, 60-х…, якія з цікавасцю і задавальненнем перагледзелі напярэдадні юбілею, сведчыць пра іншае. У газетных радках, без перабольшання, – застыў час розных эпох. Таму архіў газеты – наша неацэнная спадчына, у якой увасоблены вопыт калег-ветэранаў і летапіс станаўлення і развіцця раёна.

Залаты фонд рэдакцыі

Сённяшнія поспехі былі б немагчымыя без тых, хто стаяў ля вытокаў і працаваў у цэхах друкарні і кабінетах рэдакцыі дзесяцігоддзямі. Мы нізка кланяемся нашым ветэранам-журналістам, друкарам, карэктарам. Ваша майстэрства, прынцыповасць і любоў да роднага слова сталі тым падмуркам, на якім трымаецца сучасная газета. У вас мы вучыліся не проста пісаць тэксты, а адчуваць боль і радасць кожнага жыхара раёна.
Нашым пазаштатным аўтарам – асобны паклон за дзесяцігоддзі супрацоўніцтва. Ваша шчырасць і неабыякавасць робяць газету па-сапраўднаму “народнай”. Дзякуй за вашы лісты, званкі і тую жывую сувязь, якую не заменіць ніводзін месанджар.

Вынік нараджаецца ў супрацоўніцтве

Гаворачы пра дзень сённяшні, нельга не адзначыць і ролю нашых заснавальнікаў – раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў. Мы шчыра цэнім, што нашы адносіны будуюцца на даверы і канструктыўным дыялогу. У наш час гэта дорага каштуе – калі заснавальнік разумее спецыфіку журналісцкай працы, дае магчымасць творча расці і, што самае важнае, пісаць пра тое, што сапраўды хвалюе людзей. Такая падтрымка дазваляе нам заставацца запатрабаванымі і працаваць на карысць роднай Петрыкаўшчыны.
І, вядома, галоўныя героі гэтага свята – вы, нашы падпісчыкі. Тыя, хто з года ў год адкрывае паштовую скрынку, каб знайсці там свежы нумар. Ваша крытыка прымушае нас расці, а ваша падтрымка дае сілы рухацца далей. Усё, што мы робім, – мы робім для вас.

У рытме часу

Хтосьці скажа: “95 гадоў… У эпоху сацсетак гэта вечнасць”. А мы адкажам: гэта толькі пачатак! Свет імкліва мяняецца, і мы мяняемся разам з ім. Сёння “раёнка” – гэта не толькі шамаценне папяровых старонак па раніцах. Гэта імгненныя апавяшчэнні ў месанджарах, жывыя абмеркаванні ў сацыяльных сетках і аператыўныя навіны на сайце. Мы зараз у кожным смартфоне, у кожнай кішэні, заўсёды на сувязі. Але якія б выклікі не кідаў нам час і ў якія б новыя фарматы не апраналася інфармацыя, сутнасць застаецца ранейшай: мы будзем прыходзіць у вашыя дамы – і зусім не важна, праз паштовую скрыню або праз экран тэлефона – з мудрым словам і адкрытай душой. Бо 95 гадоў навучылі нас галоўнаму: тэхналогіі мяняюцца, а патрэба ў шчырасці – ніколі.
Так, мы становімся больш дынамічнымі, асвойваем лічбавыя фарматы, але застаемся вернымі галоўнаму – сумленнаму і добраму аповеду пра жыццё нашага раёна. У нас наперадзе яшчэ шмат цікавых сустрэч, яркіх рэпартажаў і добрых навін.
Таму для нас 95 – гэта ўзрост мудрасці, калі ўжо не трэба гучных слоў, каб цябе пачулі. Гэта сумленны погляд у вочы землякоў і ўменне пачуць ціхі голас праўды ў шуме перамен. Мы проста працягваем ісці побач з вамі, запісваючы гісторыю нашага агульнага дома – шчыра, глыбока і па-сапраўднаму. А наш прыгожы юбілей – гэта толькі пачатак новага этапу. Нашы планы простыя і складаныя адначасова: быць там, дзе цікава, пісаць пра тое, што важна, і заставацца галоўнай дыялогавай пляцоўкай раёна.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о