Герой нашага аповеду – Васілій Пінчук, ветэран спорту гарадскога пасёлка Капаткевічы, які быў у свой час самым лепшым футбольным абаронцам вобласці. Тым болей, для сустрэчы мелася нагода болей чым слушная – 14 студзеня 2026 года нашаму герою спаўняецца 70 гадоў.

Са спортам па жыцці

Калі вы сустрэнеце Васілія Мікалаевіча на вуліцы, наўрад ці дасце яму гэты ўзрост: мужчына падцягнуты, спартыўны і выглядае малажава.
На пытанне, калі ён пачаў займацца спортам, суразмоўца адказаў, што бадай з самага дзяцінства. Нарадзіўся Васілій у вёсцы Зарэчка (зараз вуліца Зарэчная ў вёсцы Чалюшчавічы), дзе і жыў з бацькамі да 7 гадоў. У Чалюшчавічах пайшоў у першы клас, праўда правучыўся там толькі адну чвэрць, і сям’я пераехала ў Капаткевічы. У гарадскім пасёлку жылі на вуліцы Базарнай, там было шмат дзяцей і ўвесь вольны час хлапчукі праводзілі актыўна: футбол, баскетбол, валейбол, зімой хакей, іншыя спартыўныя гульні.

Са спортам па жыцці
У школе ў 5-6 класах класным кіраўніком і настаўнікам фізкультуры ў Васілія Пінчука быў Міхаіл Акімавіч Семка, апантаны аматар футболу. Ён на ўроках фізічнай культуры дзяліў клас на каманды, і ўсе, і хлапчукі і дзяўчаты асвойвалі правілы і асаблівасці гэтай цікавай гульні.

Са спортам па жыцці
– У наш час падлеткі ў вольны час усе былі на вуліцы, у любое надвор’е. Адзін час зацікавіліся цяжкай атлетыкай, быў такі павеў. Самі рабілі турнікі, імправізаваныя штангі, абсталяванне для заняткаў. Самастойна ладзілі спаборніцтвы на сілу і моц. Калі чалавек хоча заняцца спортам, то ён шукае магчымасці, – успамінае спартсмен.
Займаўся спортам юнак і падчас службы ў радах Савецкай Арміі, якую праходзіў у Венгрыі. Пасля дэмабілізацыі Васіль пайшоў працаваць у саўгас “Капаткевічы”. Але таленавітага футбаліста заўважылі ў ПМК-67, дзе была самая моцная футбольная дружына. Прапанавалі працоўнае месца і месца ў камандзе.

Са спортам па жыцці
Васіль Мікалаевіч нам распавёў, што стадыён гарадскога пасёлка Капаткевічы помніць гарачыя футбольныя баталіі 70-90 гадоў. Невялікі па памерах пасёлак у свой час меў 4 футбольныя каманды, якія годна выступалі на ўзроўні раёна, вобласці і нават рэспублікі. Каманды дзейнічалі пры прадпрыемствах пасёлка. Дадайце да гэтага яшчэ і вучняў школы – атрымліваецца сваеасаблівы “футбольны” пасёлак.
З 1976 года Васілій рэгулярна выступаў у складзе футбольнай каманды ў якасці абаронцы. Абаронца – гэта не толькі той, хто стаіць каля варот, але і першы, хто пачынае атаку, дапамагаючы паўабаронцам і нападаючым, ад Васілія залежыў поспех усёй каманды.

Са спортам па жыцці
На якіх толькі спартыўных арэнах не змагаліся: Рэчыца, Мазыр, Гомель, Пінск і іншыя гарады вобласці і рэспублікі. Аднолькава годна гулялі і ў вялікі і ў міні-футбол. Гарадскія каманды спачатку глядзелі звысоку на “сельскіх” футбалістаў, але калі капаткевіцкія спартсмены перамагалі, з павагай ціснулі рукі і казалі: “Вам бы, хлопцы, прафесійнага трэнера, вы б і на саюзных спаборніцтвах маглі б выступаць!”
Пасля адных са спаборніцтваў, зразумелі, што футбольнае поле гарадскога пасёлка не адпавядае існуючым нормам. Мужчыны вырашылі стварыць годную футбольную арэну сваімі рукамі: перапахалі поле, прайшліся фрэзой, выраўнялі, пасадзілі траву, зрабілі разметку. Тэхніку прасілі ў арганізацый і прадпрыемстваў, у кіраўніка адной з арганізацый разжыліся і насеннем травы. Апрацоўка поля – збаўленне ад пустазелля, пакоска, падтрымка ў належным стане – усё рабілі самі футбалісты.
– Хацелі гуляць – самі стваралі сабе ўмовы: разам, зладжана, годна – так мы гулялі і працавалі на карысць спорту, – канстатуе Васілій Мікалаевіч.
Як пяецца ў песні: “Чым зладжаней каманда, тым дакладней гол! Вось гэта і ёсць футбол!” Напэўна гэта і было сакрэтам капаткевіцкіх футбалістаў – зладжаная каманда, як на полі, так і ў жыцці.

Са спортам па жыцці
Дваццаць гадоў аддаў Васілій Пінчук футболу, але і іншых відаў спорту не цураўся.
У апошні час спартсмен – неаднаразовы пераможца раённых і абластных спаборніцтваў паміж ветэранамі спорту па настольным тэнісе.
– Прывык рухацца, у Капат-кевіцкай сярэдняй школе ёсць магчымасць займацца тэнісам. Прыходжу ў спартыўную залу ўстановы адукацыі тры разы на тыдзень. Абавязкова здзяйсняю прагулкі па Капаткевічах: з мэтай размяцца, “разагнаць” кроў, наведваю баню. Дома ёсць гантэлі, штанга – таксама падтрымліваю форму. Часам езджу ў Петрыкаў у ФОК на сваёй машыне, каб пабачыцца з петрыкаўскімі спартсменамі, згуляць у тэніс. Наша арганізацыя ветэранаў спорту не сядзіць на месцы: ладзяцца спартыўныя мерапрыемствы для ветэранаў спорту ў Капаткевічах, Петрыкаве, апошнім часам іў Навасёлках і ў пасёлку Капцэвічы, – дзеліцца спартсмен.
Сваёй галоўнай апорай, падтрымкай у спартыўных дасягненнях і сваімі галоўнымі балельшчыкамі спартсмен лічыць сваю сямью: жонку Ірыну, сына, дачку і ўнукаў.
Пажадаем Васілію Мікалаевічу ў юбілей спартыўнага даўгалецця, здароўя, аптымізму і сямейнага шчасця.

Са спортам па жыцці

Надзея Сігай.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о