11 красавіка 1945 года вязні фашысцкага лагера “Бухенвальд” паднялі паўстанне і вызваліліся да падыходу саюзных войскаў.

Бухенвальд – у перакладзе з нямецкага “букавы лес”. Паэтычная назва населенага пункта стала сімвалам здзекаў і смерці, сімвалам фашызму. За час Другой Сусветнай вайны праз нацысцкія лагеры прайшлі больш за 20 мільёнаў чалавек з 30 краін, 11 мільёнаў з іх загінулі.
Між тым, для нашага раёна Бухенвальд – не пусты гук і не далёкі адгалосак чужога болю – там, за тысячы кіламетраў ад Радзімы, у жудасных умовах загінулі і твае сыны, Петрыкаўшчына. На жаль, мы ніколі не даведаемся дакладную лічбу тых, хто выжыў і тых, хто застаўся там назаўжды.
Час данёс да нас толькі скупыя звесткі лагерных картак некаторых з іх. Па запыце ў Базе дадзеных “Памяць народа” “Месца нара-джэння Петрыкаў, месца палону – Бухенвальд” мы знайшлі чатырох ураджэнцаў горада Петрыкава, якія прайшлі чорнае пекла Бухенвальда.
Самы малады з іх – Макар Лапета, нарадзіўся 08.10.1925 года ў горадзе Петрыкаве, пражываў па вуліцы Севернай, дом №26. Хлопец меў пачатковую адукацыю – 4 класы. Бацьку нашага Макара звалі Мікіта і працаваў ён цесляром, маці – Ефрасіння. Лагерны нумар ваенапалоннага – 64262. Быў арыштаваны наш земляк 4 жніўня, а ў лагеры “Ваймар-Бухенвальд” апынуўся 18 жніўня 1944 года. Па дадзеных на 11 красавіка 1945 года Макар Лапета значыўся ў спісе вязняў лагера.
Крупа Іван, нарадзіўся 14.08.1915 года. Жонка: Леонція, месца жыхарства яе ў картачцы вязня запісана як горад Нікалаеў, Україна. Лагерны нумер: 15118. Прайшоў два лагеры: Бухенвальд, Нойенгамме.
Міцкевіч Міхаіл Сцяпанавіч, нарадзіўся ў 1907 годзе, да вайны пражываў ў Петрыкаве па вуліцы Забалотнай, 6, па прафесіі шавец (абутачнік). Бацька Сцяпан па прафесіі рыбак, маці Таццяна (у дзявоцтве Туравец). Быў жанаты, жонка Таццяна, у дзявоцтве прозвішча – Дзечка, двое дзяцей. Лагерны нумар: 67535. Быў арыштаваны 15 ліпеня 1944 года, у лагер патрапіў 17 жніўня 1944 года.
Пра Сераду Мікалая звесткі самыя скупыя, толькі запіс з данясення аб стратах: нарадзіўся 04.12.1905 года ў Петрыкаве, знаходзіўся ў лагеры Бухенвальд пад нумарам 33199. Картачка ваеннапалоннага ў Базе дадзеных “Памяць народа” адсутнічае.
11 красавіка – яшчэ адна жалобная дата, пра якую мы не павінны забываць ніколі. Як кажуць словы вядомай песні: “Людзі свету, будзьце тройчы пільней, беражыце мір, беражыце мір!”

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о