Сёння – Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту, свята людзей, якія не ўяўляюць жыцця без руху. Імя настаўніка фізічнай культуры і здароўя Мышанскай сярэдняй школы, трэнера-выкладчыка па лёгкай атлетыцы ДЮСШ Петрыкаўскага раёна Аляксандра Нікіцюка ведаюць не толькі ў нашым раёне. Навучэнцы, якіх ён рыхтуе да спаборніцтваў па розных відах спорту, становяцца пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў.
Сямейная дынастыя
Аляксандр Валер’евіч з дынастыіі педагогаў. Яго дзядуля Віталій Адамавіч Тарасевіч, настаўнік рускай мовы, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. Бабуля Паліна Мацвееўна – настаўніца пачатковых класаў. Маці, Ала Вітальеўна Нікіцюк настаўнік біялогіі і хіміі, а тата, Валерый Дзмітрыевіч – настаўнік матэматыкі. Як вы здагадаліся, выбар шляху быў амаль прадвызначаны. Спачатку будучы педагог паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, на факультэт “фізікі і інфармацыйных тэхналогій”. Адразу пасля заканчэння “вярнуўся” ва ўніверсітэт на факультэт “фізічнай культуры і спорту”, пасля скончыў і магістратуру.
Далей – тэрміновая служба ў аўтамабільных войсках у Плешчаніцах. Затым Аляксандр Валер’евіч вярнуўся ў Мышанку.
Правіла па жыцці: працуем на вынік
У скарбонцы ўзнагарод настаўніка нямала дыпломаў, якія сведчаць пра заваяваныя прызавыя месцы. Але асаблівым дасягненнем ён усё ж лічыць поспехі сваіх выхаванцаў. Яго навучэнцы і выпускнікі ідуць па слядах настаўніка: паступаюць у школы алімпійскага рэзерву, педагагічныя ўніверсітэты на факультэты “фізічнай культуры і здароўя” становяцца трэнерамі, ваеннымі, настаўнікамі. Сярод апошніх поспехаў – Артур Матросаў у складзе рэспубліканскай каманды заняў 2-е агульнакаманднае месца на “Шкаліядзе”. На рэспубліканскай алімпіядзе па мнагабор’і “Здароўе” 3-е месца ў Анастасіі Адамоўскай, Эдуард Дарынскі таксама прывёз “бронзу” з рэспубліканскай алімпіяды па “Шкаліядзе”.
– Расце годная змена, – з гонарам адзначае суразмоўца.
– Вынікі дзяцей, з якімі займаешся і ў якіх верыш, заўсёды выклікаюць асаблівы гонар і настройваюць на далейшую эфектыўную працу, дадаюць упэўненасці ў сабе. Да пастаўленай мэты заўсёды рухаемся разам – паслядоўна і ўпарта. У мяне строгае правіла: працаваць трэба на вынік, – прызнаецца Аляксандр Валер’евіч. – Але вынік – гэта не толькі медалі. Гэта характар, стаўленне да жыцця, здольнасць не здавацца, – дзеліцца настаўнік.
Сям’я – найвышэйшая каштоўнасць
З асаблівым цяплом Аляксандр Валер’евіч распавядае пра сваю сям’ю. З будучай жонкай Юліяй сустрэліся ў 1998 годзе ў Мышанскай школе. Яна прыйшла на практыку з сяброўкай. Аляксандр адразу прыкмеціў прыгожую дзяўчыну, з таго часу – рука аб руку па жыцці. Разам з жонкай выхавалі двух сыноў – Віталія і Вячаслава. Хлопцы жывуць у Мінску, працуюць у IT-сферы.
– Яны ў мяне малайцы, – проста гаворыць бацька.
У вольны час сям’я любіць хадзіць па грыбы. А яшчэ мой суразмоўца – заўзяты рыбак.
Па працы – пашана
Яго ўклад у развіццё фізічнай культуры Петрыкаў высока ацэнены кіраўніцтвам раёна. Тройчы яго імя заносілі на раённую Дошку гонару! 2026 год – не выключэнне. Гэта не толькі прызнанне прафесійных заслуг, але і велізарная адказнасць.
У Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту віншуем спецыялістаў сектару спорту, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, трэнераў са святам сілы і прыгажосці. Моцнага ўсім здароўя, дабрабыту, спартыўнага даўгалецця, веры ў свае сілы і новых перамог!
Марыя Тамко.
Фота аўтара.







Оставить комментарий