Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
Сёння Пціцкае лясніцтва – гэта не толькі звыклы клопат пра лес, нарыхтоўку драўніны і ахову зялёных багаццяў. Гэта яшчэ і сапраўдная лясная казка, якая вось ужо 18 гадоў ствараецца на мясцовай пасецы.
Калі зварочваеш з трасы ў глыб лясніцтва, трапляеш у зусім іншы свет. Тут, сярод векавых соснаў і лясных траў, паветра асаблівае – яно звініць ад пчалінага гулу і пахне нагрэтай сонцам ігліцай ды салодкім мёдам. На лясной палянцы ўтульна размясціліся 65 вулляў. Гэта сапраўдны пчаліны горад, дзе кіпіць сваё, строга ўпарадкаванае жыццё. А запраўляе гэтым працэсам зладжаная каманда з ліку мясцовых лесаводаў пад кіраўніцтвам вопытнага пчаляра Аляксандра Каратыцына.
Завіталі мы спецыяльна на збор мёду, які, у нашым разуменні, стаў сапраўдным святам працы. Кажуць, што да пчол ідуць толькі людзі з добрай душой, бо гэтыя крылатыя працаўніцы не церпяць фальшу. Менавіта такіх – шчырых, адданых сваёй справе – мы сустрэлі на пасецы. Іх зладжаная праца настолькі захапіла, што мы проста не змаглі ўтрымацца і прайшлі разам з мужчынамі ўсе этапы здабычы вадкага ляснога золата.
Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
Энергія каманды і першы дым
Наша знаёмства з тэхналогіяй пачалося каля вулляў, дзе пчаляр Аляксандр Каратыцын і лесавод Аляксандр Корбут праводзілі выемку рамак з вулляў.
Каб супакоіць пчол, Аляксандр Валер’евіч выкарыстоўваў спецыяльную прыладу – дымар. Прыемны, густы дым мякка ахутваў вуллі, дазваляючы яго калегу бяспечна працаваць. Аляксандр Васільевіч у сваю чаргу ўсё рабіў вельмі спакойна і акуратна. Няспешна і беражліва адкрываў вуллі, асцярожна даставаў цяжкія рамкі, а пчолак, якія заставаліся на сотах, лагодна змятаў адмысловай мяккай шчоткай.
– Галоўнае правіла тут – не нашкодзіць ніводнаму насякомаму і не перанесці іх з сабой, – зазначае мужчына.
Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
У свяцілішчы духмянага мёду
Далей наш шлях ляжаў у спецыяльна абсталяваны домік, дзе паветра літаральна спявала ад салодкага і цёплага водару воску і праполісу. Тут ладзілася не менш ювелірная праца.
– Каб “вызваліць” мёд, трэба зрэзаць забрус – васковае вечка, якім пчолы рупліва запячатваюць кожную соту і такім чынам захоўваюць яе стэрыльнасць, – патлумачыў лесавод Сяргей Сігай.
Мужчына трымае ў руках спецыяльны электранож, які награваецца да неабходнай тэмпературы, і лёгка, нібы па масле, зразае васковы пласт, адкрываючы бурштынавыя кавалачкі сотаў.
Затым распячатаныя рамкі Сяргей Васільевіч беражліва перадае Фёдару Мотузу, які таксама вось ужо 18-ты год сумяшчае абавязкі лесавода і сезонную працу на пасецы. Фёдар Васільевіч ставіць рамкі ў касеты медагонкі – той самай цэнтрафугі, пра якую многія чулі, але мала хто бачыў у дзеянні. Тут, пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы, барабан пачынае круціцца, а мёд паслухмяна пакідае свае васковыя калыскі. За другой медагонкай працуе лесаруб Сяргей Шчуко.Гэты сезон для Сяргея Іванавіча першы на пасецы. Разам з мужчынам назіраем, як з краніка медагонкі, праходзячы праз сіта, пацягнуўся густы, чысты, празрысты струменьчык. Гэта, па словах мужчыны, і ёсць момант ісціны – нараджэнне найлепшага пціцкага мёду.
Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
Пасека, якая натхняе
– Дзякуючы руплівасці нашых лесаводаў, пасека штогод прыносіць цудоўны, экалагічна чысты мёд, у якім сабраны водар усіх лясных кветак і зёлак. Для кагосьці з брыгады догляд за пчоламі – чарговая рабочая задача, для некага – сапраўдная любоў. Сярод работнікаў ёсць тыя, хто, развітаўшыся з пчоламі на працы, вяртаецца дадому… і зноў ідзе да вулляў, бо мае ўласную пасеку на падворку, – пазначае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Яўгеній Міцкевіч.
Пчаляром па пакліканні сэрца з’яўляецца Аляксандр Каратыцын.
– Праца на пасецы патрабуе тонкага, амаль ювелірнага падыходу: своечасова паставіць рамкі, прасачыць за здароўем пчаліных сем’яў, падрыхтаваць іх да зімоўкі… Гэта цэлая навука, якую я некалі пераняў ад свайго дзеда і працягваю спасцігаць штодзень.
Што да працы на лясной пасецы, скажу так: прыемна працаваць, калі побач такія ж зацікаўленыя людзі, – дзеліцца Аляксандр Васільевіч.
І прырода шчодра дзякуе мужчынам за такую зацятую працавітасць. У мінулым годзе, напрыклад, з пасекі лясніцтва было сабрана каля 700 кілаграмаў чыстага, бурштынавага мёду. Цяперашняе лета выдалася анамальна спякотным, што стала сапраўдным выпрабаваннем і для прыроды, і для людзей. Аднак сапраўдныя прафесіяналы лясной справы не прывыклі адступаць перад капрызамі надвор’я. Нават у гэтых складаных умовах, дзякуючы вопыту і правільнаму догляду, нашы лесаводы разлічваюць на яшчэ больш багаты і важкі ўраджай, чым летась.
Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
Руплівыя людзі – залаты фонд лясніцтва
Вынікам сумеснай працы ў гэты дзень стала амаль сотня кілаграмаў мёду. Але галоўнае багацце гэтага дня – людзі: цудоўныя, дужыя, з мазолістымі рукамі і адкрытымі сэрцамі.
Пакідаючы лясніцтва і развітваючыся з пчалярамі-лесовадамі, бачыла перад сабой ужо не проста вуллі і лю-дзей у ахоўных сетках, адчувала гармонію чалавека, лесу і пчалы. Нашы лясныя працаўнікі чарговы раз паказалі прыклад таго, як трэба любіць і паважаць прыроду і справу, якой самааддана служыш.
Наперадзе ў “пчалінай брыгады” Пціцкага лясніцтва яшчэ шмат працы, каб на нашых сталах заўсёды быў самы смачны і гаючы лясны мёд. Гэты прыродны эліксір здароўя, народжаны ў самім сэрцы нашага лесу, абавязкова прынясе лад і моц у дамы жыхароў раёна. А значыць, жыццё працягваецца – такое ж бурштынавае, напоўненае святлом і працай, як гэты свежы лясны мёд.
Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
Пчаліны маршрут. Рэпартаж з пасекі, дзе нараджаецца салодкі скарб
Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о