Пажоўклыя старонкі

0
306

Час ідзе, і юбілей газеты не за гарамі, таму вазьму на сябе ролю першапраходцы.
У маіх хатніх архівах захавалася газета з пажоўклымі старонкамі. А менавіта нумар раёнкі «За Новыя рубяжы» (старэйшае пакаленне павінна памятаць гэту назву) ад 16 мая 1991 года.
Гэты нумар юбілейны і прысвечаны 60-годдзю раённага выдання. Але не з гэтай нагоды я захавала газету, а таму, што на чацвёртай старонцы размешчана мая фотакартка, невялікая нататка і вершы – “проба пяра”. Нататка называлася
зусім проста: “Знаёмцеся: Надзея Сігай”. Яна ўтрымлівала некалькі сказаў пра тое, што я вучуся ў 10 класе, захапляюся паэзіяй і ствараю празаічныя і вершаваныя творы. Пісаў пра мяне дырэктар Капаткевіцкай сярэдняй школы Аляксей Солахаў. А ніжэй тры мае вершы – такім чынам адбыўся мой “дэбют” у нашай раёнцы.
Але не дэбют у перыядычным друку: першы раз урывак з майго верша, як удзельніка абласнога конкурсу чытальнікаў, надрукавала газета горада Мазыра, апавяданне “Князёўна Ганна” – часопіс “Бярозка”.
Нягледзячы на гэта, я сумнявалася ў літаратурнай годнасці сваіх вершаў. Калі Аляксей Васільевіч упершыню загаварыў пра тое, што мае вершы патрэбна надрукаваць у нашай раённай газеце, мне падумалася, што ён так жартуе. Я толькі пачала спрабаваць ствараць вершаваныя радкі – хто іх можа разглядаць усур’ёз?!
Але ў адзін з вучэбных дзён мяне з урока запрасілі да дырэктара ў кабінет – да мяне прыехаў фотакарэспандэнт!

Пажоўклыя старонкі
Ён запытаў, дзе я пішу вершы: у сшытку ці ў блакноце? Сказаў, што гэта вельмі важна для стварэння фотавобраза, таму што чытачу патрэбна падаць праўдзівую інфармацыю (я гэтыя словы запомніла на ўсё жыццё!).
Я прынесла тоўсты сшытак з класа (падобны на той, у якім я пісала свае першыя вершы). Карэспандэнт зрабіў некалькі фота ў розных ракурсах.
І вось я перад вамі – з шарыкавай ручкай, сшыткам і вершамі. Знаёмцеся: Надзея Сігай, 35 гадоў таму! Гэта было так даўно, а здаецца, што ўчора.
Моманты, занатаваныя на газетных старонках, не забываюцца!
А калі Вы ўпершыню з’явіліся на старонках раённай газеты?
Зазірніце ў шафу, знайдзіце раёнку, у якой надрукавана нататка пра вас, і дашліце нам фота і свой аповед.

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о