Рыжскі мірны дагавор, падпісаны паміж Польшчай, РСФСР і Украінай 18 сакавіка 1921 года, стаў горкай датай як для гісторыі беларускай дзяржаўнасці, так і для простага народа. Практычна палова сучаснай беларускай тэрыторыі апынулася за мяжой у складзе Польшчы.
Улады суседняй краіны былі ўпэўнены, што забралі тое, што належыла ім «спрадвеку». Але гэта было зусім не так. І справа нават не ў тым, што мяжа прайшла пасярод этнічных беларускіх тэрыторый. А ў тым, што польскі ўрад не збіраўся прызнаваць нейкіх там «беларусаў» альбо ствараць ім умовы для развіцця. Для польскага боку гэтыя тэрыторыі былі «крэсамі ўсходнімі», накшталт «сапсаваных» рускім уздзеяннем палякаў, якіх патрэбна «перавыхаваць».
Якім чынам? Зачыніць школы і газеты, забараніць ужываць родную мову ў дзяржаўных установах, наладзіць пільны паліцэйскі надзор, даць лепшыя землі польскім каланістам – асаднікам. Заходняя Беларусь стала аграрным «прыдаткам» для Польшчы: тут развівалася толькі сельская гаспадарка і дрэваапрацоўчая прамысловасць. Адчыняць школы, будаваць прадпрыемствы ці іншым чынам развіваць гэты рэгіён мэты не было – тэрыторыя «другога гатунку» для палякаў. Менавіта «крэсы ўсходнія» сталі пастаўшчыком танных працоўных, якім можна было плаціць значна меней, чым іншым.
Калі пачуеце, што «пад польскімі панамі» жылося добра – адкрыйце творы беларускіх класікаў Заходняй Беларусі: вы пачуеце голас простага народа, які хацеў гаварыць на роднай мове, працаваць на сваёй зямлі і вучыць дзяцей, а не быць «ускраінай» амбіцыйнай Польшчы, улады якой жылі надзеяй узнавіць веліч Рэчы Паспалітай. Амаль дваццаць гадоў народ Заходняй Беларусі пад гнётам захоўваў мову, культуру, традыцыі і выступаў супраць паланізацыі.
17 верасеня 1939 года стала пераломнай датай і аб’яднала народ, які быў адным цэлым.

Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о