Гаспадарка адной з першых у раёне вывела тэхніку ў поле. Пасяўныя работы вядуцца другі тыдзень. Днямі мы наведалі ўрочышчы паблізу Конкавіч, дзе працуе атрад механізатараў.

Курс на высокі вынік

Гаспадар зямлі – Аляксандр Боўсун. Для механізатара гэта ўжо дзясятая вясна
ў роднай гаспадарцы

Стаўка на дысцыпліну і тэмп
Здалёк гул матораў і пыл над палеткам абвяшчаў: праца кіпіць. Пакуль трымалі курс на палетак, дзе працуе механізаваны атрад, арганізаваны з мэтай аператыўнага і комплекснага правядзення пасяўной кампаніі, дырэктар сельгаспрадпрыемства Алена Асадчая пазначыла:
– Задача стаіць сур’ёзная: увесь комплекс вясенне-палявых работ з улікам устойліва цёплага надвор’я неабходна правесці ў сціслыя тэрміны. З 1400 гектараў на сённяшні дзень пасеяна 500. У разрэзе культур: пад авёс будзе адведзена 700 гектараў пасяўных плошчаў, пад зернебабовыя – 250, пад ячмень – 150 і пад пшаніцу – 300 гектараў. Добра разумеем, якая адказнасць ляжыць на нашых плячах, таму галоўнае сёння – дысцыпліна і тэмп. Завяршыць сяўбу плануем 8 красавіка. Дадае ўпэўненасці той факт, што касцяк калектыва – гэта правераныя байцы, якія адданыя гаспадарцы не адзін дзясятак гадоў. На іх вопыт і майстэрства мы і абапіраемся.

Курс на высокі вынік

Вопыт, памножаны на адданасць справе: за штурвалам – майстар “залатога фонду”
Юрый Лімараў

Ад “закрыцця” да падкорму
Пакуль нябесная канцылярыя спрыяе аграрыям, песцячы сонечнымі днямі, у СУП імкнуцца выкарыстоўваць кожную хвіліну. Тут ведаюць: вясновая гадзіна – на вагу золата. Намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Фешчанка ацэньвае сітуацыю ў полі з прафесійнага пункту гледжання:
– Зямля чакаць не будзе, – сёння яна ў самым соку, а заўтра вецер можа высушыць усё за паўдня. Менавіта таму тэмп работ не змяншаецца ні на хвіліну. Цяпер мы працуем комплексна: закрываем вільгаць, каб зямля не перасохла, і тут жа ўносім азот, ствараючы базу для росту. Па ранніх яравых у нас жорсткія тэхналагічныя рэгламенты. Важна злавіць той самы момант, калі зямля ўжо прагрэлася, але яшчэ захавала вясновую сакавітасць.
Механізатары працуюць зладжана, кожны ведае свой участак адказнасці, ды вы і самі зараз усё ўбачыце.

Курс на высокі вынік

Сяргей Віднік: Для мяне важна не проста выканаць норму, а зрабіць гэта якасна

Галоўная сіла – механізаваны атрад
Сапраўды, праца ідзе шырокім фронтам. На палетак мы прыехалі ў той момант, калі малады механізатар Дзмітрый Шулякоўскі, прадстаўнік адной са шматлікіх сямейных дынастый, якімі славіцца гаспадарка, ажыццяўляў загрузку насення ў пасяўны агрэгат, за штурвалам якога – адзін з вопытнейшых механізатараў гаспадаркі Юрый Лімараў.
Гэтую невялікую паўзу ў рабоце і выкарысталі для размовы пра веснавыя клопыты і планы на будучы ўраджай.

Курс на высокі вынік

Працоўная эстафета ў надзейных руках: механізатар Дзмітрый Шулякоўскі
працягвае справу бацькі

З першых рэплік разумею: тут выпадковых людзей няма. У кожнага за плячыма – дзясяткі веснаў, тысячы гектараў і невымоўнае пачуццё роднай зямлі.
– Мы ж разумеем: як зараз закладзем, так увосень і збярэм. Адказнасць велізарная, – першым падтрымлівае размову Аляксандр Боўсун.

– Тэхніка, вядома, зараз магутная, з кандыцыянерамі, але зямлю ўсё роўна трэба адчуваць. Прыемна, калі бачу, як за сеялкай роўны след кладзецца. Гэта нашая справа, наш хлеб, – дзеліцца Юрый Лімараў.

Курс на высокі вынікСтратэгія і тактыка вясновай сяўбы: намеснік дырэктара па раслінаводстве Іван Фешчанка і механізатар Руслан Забродзін звяраюць гадзіннікі

На суседнім палетку заспелі за працай Руслана Забродзіна і Сяргея Відніка. Пра такіх работнікаў у гаспадарцы кажуць “залаты фонд”. Яны – тыя самыя “зубры” земляробства, якія і маладое папаўненне падцягнуць, і складаны агрэгат у полі падправяць, калі трэба. Для іх вернасць прафесіі – гэта не гучныя словы, а штодзённы пад’ём у пяць раніцы і шчырая радасць ад першых зялёных усходаў.
Менавіта такое гаспадарскае стаўленне да працы кожнага механізатара, разуменне таго, што ад іх майстэрства залежыць харчовая бяспека раёна, і ёсць галоўны сакрэт поспеху “Палесся-Аграінвест”.
Пасяўная кампанія набірае абароты. Наперадзе яшчэ шмат працы, але, гледзячы на настрой калектыва, можна быць упэўненым: хлеб будзе пасеяны своечасова і па сумленні.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о