Нядаўняе наведванне Петрыкаўскай раённай ветэрынарнай станцыі агаліла сур’ёзную праблему, якая непасрэдна ўплывае на працу ўстановы і зручнасць яе наведвальнікаў – дрэнны стан дарогі, якая вядзе да арганізацыі. Кіроўцам даводзіцца праходзіць сапраўдную паласу перашкод, ад глыбокіх ям да ўчастка, які многія называюць “шыферам” – дарожнае пакрыццё нагадвае менавіта гэты будаўнічы матэрыял. Акрамя таго, дарога ў двары, асабліва пры пад’ездзе да галоўнага ўваходу, наогул не заслугоўвае назвы “дарога”. Яе стан робіць перамяшчэнне сапраўдным выпрабаваннем.
Гэтая праблема не з’яўляецца проста нязручнасцю. Петрыкаўская райветстанцыя адыгрывае важную ролю ў жыцці раёна. Яе часта наведваюць жыхары, каб атрымаць дапамогу для сваіх хатніх жывёл. Акрамя таго, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы прывозяць сюды буйную рагатую жывёлу перад адпраўкай на мясакамбінаты.
Адказным службам неабходна разгледзець магчымасці па рамонту дарогі, якая вядзе да дадзенага аб’екта. Гэта не толькі палепшыць умовы працы для супрацоўнікаў і зручнасць для наведвальнікаў, але і забяспечыць камфортную працу ўстановы, якая з’яўляецца важнай для эканомікі раёна.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.








Оставить комментарий