Карэспандэнт “ПН” наведала Петрыкаўскую вяслярную базу, каб на свае вочы ўбачыць, як гартуецца характар будучых чэмпіёнаў.
На маляўнічых берагах Прыпяці, праходзяць трэніроўкі выхаванцаў летняга спартыўна-аздараўленчага лагера Гомельскай СДЮШАР прафсаюзаў па веславанні.
Як адзначыў трэнер вяслярнай базы Максім Брыкет, сёлета ў лагеры ўдасканальваюць сваё майстэрства 60 выхаванцаў з Гомеля і Петрыкава. Каб навучальны працэс быў максімальна эфектыўным, юных спартсменаў падзялілі на дзве падгрупы – старэйшую і малодшую. З імі працуюць пяць вопытных трэнераў, якія не толькі вучаць тэхніцы веславання, але і перадаюць дзецям любоў да гэтага няпростага, але захапляльнага віду спорту.
– Штодзённы збор на базе а палове 9-й гадзіны, прывітанне і размінка, сняданак у кафэ “Рэлакс”, а затым трэніроўка на вадзе, – дзеліцца Максім Брыкет. – Прыемна адзначыць, што нават у вольны час юныя спартсмены аддаюць перавагу актыўнаму адпачынку. Асноўны ўпор – на трэніроўкі па веславанні на байдарках, некалькі разоў у дзень. Летам усе весляры могуць папрацаваць над тэхнікай не толькі на трэнажорах у спартзале. Юныя спартсмены забяспечаны ўсім неабходным: лодкамі, вёсламі і выратавальнымі камізэлькамі, а заняткі праходзяць пад пастаянным наглядам трэнераў.
Аднак жыццё ў лагеры – гэта не толькі спорт. Праграма адпачынку насычаная і разнастайная: акрамя штодзённых трэніровак на вадзе, рабяты наведваюць цікавыя экскурсіі і адпраўляюцца ў турыстычныя паходы. Гэта дапамагае дзецям згуртавацца, знайсці новых сяброў і адкрыць для сябе прыгажосць роднага краю.
Рабяты вучацца перамагаць ўласную стомленасць, знаходзячыся на сваёй, асаблівай – спартыўнай хвалі.
– Для дзяцей гэта выдатная магчымасць не толькі палепшыць свае спартыўныя паказчыкі, але і правесці час на свежым паветры, набрацца сіл перад новым навучальным годам, – адзначыў трэнер, – Акваторыя Прыпяці – ідэальнае месца для трэніровак. Тут прыгожыя краявіды, якія натхняюць на новыя дасягненні.
Назіраць за тым, як дзеці ўпэўнена кіруюць байдаркамі – адно задавальненне. Малодшыя толькі вучацца трымаць раўнавагу і сінхронна працаваць вёсламі, а старэйшыя ўжо дэманструюць сапраўдную хуткасць і тэхнічную дасканаласць. Іх рухі адточаныя, а позіркі сканцэнтраваныя на мэце.
У час наведвання вяслярнай базы ўзброіўшыся вёсламі і выратавальнымі камізэлькамі, весляры спускаліся на ваду і займалі пазіцыі на старце. Мы адправіліся разам з рабятамі. Падчас трэніроўкі пацікавілася ў юных спартсменаў, як правільна гаварыць: плаваць ці хадзіць на байдарках? Яны дружна адказваюць: – Вядома ж, другое!
Гледзячы на гэтых юных энтузіястаў, разумееш: яны не баяцца цяжкасцей, любяць сваю справу. І хто ведае, магчыма, праз некалькі гадоў менавіта хтосьці з іх будзе падымацца на п’едэстал самых прэстыжных спаборніцтваў, з удзячнасцю ўспамінаючы свае першыя крокі на маляўнічых берагах роднай Прыпяці.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.







Оставить комментарий