Шахматы – цікавейшая з гульняў, якая прапануе дзіўныя суадносіны простых правіл і бясконцай стратэгічнай глыбіні, вытрымаўшая выпрабаванне стагоддзямі. Па адной з версій назва гульні паходзіць ад рускага выразу “шаг на ты” (іду на цябе) – выклік на бой. Калі ж шахматы з’явіліся ў Беларусі?
Гістарычныя дадзеныя, у тым ліку археалагічныя раскопкі сведчаць аб тым, што шахматы былі вядомыя на тэрыторыі сучаснай Беларусі ўжо ў XI стагоддзі, вырабляліся фігуры з з каменя і косці.
З 1920-х гадоў ХХ-га стагоддзя гульня ў БССР развівалася як масавы спорт і частка інтэлектуальнай культуры, ахопліваючы тысячы людзей па ўсёй краіне, ад школьных гурткоў і завадскіх секцый да спартсменаў-прафесіяналаў. Першы чэмпіянат Мінска прайшоў у 1922 годзе, а першы чэмпіянат БССР адбыўся ў 1924 годзе. Зборная БССР па шахматах рэгулярна ўдзельнічала ў Спартакіядах і Чэмпіянатах народаў СССР і міжнародных спаборніцтвах. Развіццю і папулярызацыі гэтага віду спорту садзейнічала правядзенне ў Беларусі шэрага буйных усесаюзных і міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку Сакольскага мемарыялаў, Мінскіх міжнародных турніраў і іншых. З сярэдзіны 1970-х гадоў рэспубліканскае тэлебачанне трансліруе шахматную перадачу – клуб “Гамбіт”. У 1985 годзе ў Мінску адкрываецца Палац шахмат і шашак і дзіцячых шахматных клубаў па месцы жыхарства “Дэбют”, “Каіса”, “Прахадная пешка” і іншых.
Шахматныя секцыі працавалі ў 7800 калектывах фізкультуры, дзе займалася звыш 120 тысяч чалавек, у тым ліку каля 33 тысяч школьнікаў. У гэты час каля 37 тысяч жыхароў нашай рэспублікі мелі шахматныя разрады.
Акрамя таго, у рэспубліцы выпускаўся часопіс “Шахматы, шашкі в БССР”, амаль у кожнай газеце і часопісе існавалі шахматныя рубрыкі.
У наш час шахматы ў Беларусі – гэта развіты від спорту, які рэгулюецца Беларускай федэрацыяй шахмат. Ключавым цэнтрам падрыхтоўкі з’яўляецца сталічны Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках. Галоўнай зоркай і двухразовым чэмпіёнам краіны (2023, 2025) сёння з’яўляецца 19-гадовы гросмайстар Дзяніс Лазавік. Рэгулярна праводзяцца чэмпіянаты Беларусі сярод мужчын і жанчын, а таксама буйныя адкрытыя старты, такія як міжнародны турнір “Мінск”.
На Петрыкаўшчыне шахматы таксама не адыйшлі ў нябыт. Штогод ладзяцца спаборніцтвы сектарам спорту, ГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”. Шахматысты Петрыкаўшчыны ўдзельнічаюць і ў абласных спаборніцтвах па шахматам. Значны ўклад ў захаванне спартыўнай дысцыпліны ўносіць і аддзел адукацыі. Шахматы – адзін з абавязковых відаў у рамках штогадовых спартакіяд школьнікаў (на фота) і работнікаў устаноў адукацыі. Магіі чорна-белага поля падуладны ўсе узросты.
З Днём шахмат, аматары гэтага цікавага віду спорту!
Надзея СІГАЙ.






Оставить комментарий