У мінулыя выхадныя ў рамках трэцяга тура фінальнага этапу Чэмпіянату Рэспублікі Беларусь каманда ФК “Петрыкаў” выехала ў горад Лоеў.
Гульня атрымалася цікавай і напружанай. Варта адзначыць, што нашы футбалісты ўпэўнена пачалі матч і нават вялі ў ліку – 2:1. Аднак супернікі змаглі перахапіць ініцыятыву: спачатку яны аднавілі раўнавагу – 2:2, а затым і зусім вырваліся наперад, забіўшы трэці гол. Нашым спартсменам давялося праявіць характар, каб адыграцца і вырваць нічыю – 3:3.
Гэты вынік можна лічыць нядрэнным, улічваючы, што матч нашы спартсмены заканчвалі ў меншасці – у сярэдзіне другога тайма Міхаіл Мамантаў атрымаў другую жоўтую картку і быў выдалены з поля. Мячамі ў вароты супернікаў з каманды “Петрыкаў” адзначыліся Уладзімір Харланаў, які запісаў на свой рахунак 2 мячы, і Уладзімір Ус.
Наперадзе ў каманд напружаны верасень, які і вызначыць якасць медалёў Чэмпіянату Гомельскай вобласці па футболе сярод мужчынскіх каманд другой лігі. Гульні чацвёртага тура пройдуць у наступным месяцы: 5 верасня наша зборная будзе прымаць на дамашнім полі гасцей з Ельска. 12 верасня петрыкаўскія футбалісты адправяцца на выезд, каб згуляць з камандай “Днепр-Рагачоў”. А ўжо 19 верасня лідары фінальнай гонкі сустрэнуцца зноў – “Петрыкаў” будзе прымаць Рагачоў дома на сваім полі.
Матчы абяцаюць быць вельмі гарачымі, таму камандзе спатрэбіцца магутная падтрымка трыбун!
Оставить комментарий