Я не буду падбіраць словы. Тое, што адбылося пад Бранскам, – не “інцыдэнт”, не “трагедыя па збегу абставін”. Гэта – злачынства. Удар па аўтобусе з дзіцячай футбольнай камандай з Рэчыцы – тэрарыстычны акт, які не мае і не можа мець апраўдання.

Напярэдадні трагічнай і святой для кожнага з нас даты – пачатку Вялікай Айчыннай вайны – Беларусь атрымала страшны, аглушальны ўдар у самае сэрца. У Бранскай вобласці пад мэтанакіраваны абстрэл беспілотніка патрапіў мірны грамадзянскі аўтобус, у якім былі дзеці. Футбольная каманда з Рэчыцы – 28 хлапчукоў, юнакоў, – накіроўваліся на летнія зборы і адпачынак да мора ў Геленджык, поўныя спадзяванняў, летуценняў, веры ў заўтрашні дзень. Дарослыя, якія суправаджалі іх, думалі пра прыемны і бяспечны адпачынак сваіх дзяцей і выхаванцаў.
– І ў адно імгненне ўсё гэта было бязлітасна разбурана. Адзін дарослы чалавек загінуў – жанчына, жонка трэнера, якая суправаджала рабят. Мужчына і некалькі дзяцей паранены.
Удар беспілотніка па двухпавярховым аўтобусе з дзецьмі не можа быць памылкай або “выпадковым трапленнем”. Гэта ўсвядомленае, подлае паляванне на жывыя мішэні. Той, хто накіроўваў гэты смяротны кавалак жалеза, выдатна бачыў, у каго ён б’е. Вайна наогул непрымірымая з чалавечнасцю, але агрэсія супраць дзяцей – гэта рыса, за якой чалавечае заканчваецца зусім. Гэта абсалютнае зло, якому няма і не можа быць апраўдання.
Так, баявыя дзеянні ідуць на сумежнай тэрыторыі. Але сёння мы востра, да дрыжыкаў у руках і кома ў горле адчулі: гэтая бяда дыхае нам проста ў твар. Калі ахвярамі становяцца нявінныя дзеці, сціраюцца любыя ўмоўныя межы. Для нас, беларусаў, гэты страшны выбух пад Бранскам – прамы, злавесны водгалас тых страшных падзей, якія наша зямля перанесла 85 гадоў таму. У чэрвені 1941 года гэтак жа, бязлітасна і вераломна, нямецка-фашысцкія захопнікі пачыналі свой крывавы марш, не шкадуючы ні немаўлят, ні старых. Так, метады змяніліся, тэхналогіі ступілі наперад, але садысцкае нутро катаў засталося ранейшым – пасеяць страх праз пагрозу і кроў самых безабаронных.
Мы выдужаем. Усе службы Беларусі і Расіі спрацавалі надзвычай зладжана, аператыўна і прафесійна – на сённяшні дзень усе пацярпелыя знаходзяцца ў полі зроку сістэмы аховы здароўя нашай краіны. Нашы ўрачы ўжо змагаюцца за жыцці параненых дзяцей, а следчыя органы абавязкова пайменна знойдуць кожнага, хто мае дачыненне да акту крывавай агрэсіі супраць мірнага насельніцтва, супраць дзяцей. Але сёння наш галоўны абавязак – згуртавацца, быць пільнымі і цвёрда, на ўвесь голас асудзіць гэтую бесчалавечную жорсткасць.

Чужых дзяцей не бывае. І мы нікому не дазволім беспакарана калечыць нашу будучыню.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о