17 верасня ў краіне адзначаецца Дзень народнага адзінства. З гэтай нагоды карэспандэнты “ПН” спыталі ў землякоў, што значыць гэтае свята для іх і якія пажаданні яны адрасуюць сваім землякам.
Андрэй Вяракса, вадзіцель Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Петрыкаўскі лясгас”:
– Праца ў лесе патрабуе зладжанасці. Калі кожны на сваім месцы робіць справу сумленна, калі мы дзейнічаем як адна каманда – тады і вынік ёсць. Так і ў краіне. Дзень народнага адзінства для мяне – гэта свята працоўных людзей, якія сваімі рукамі ствараюць дабрабыт нашай зямлі. Гэта разуменне таго, што мы – адна сям’я. Жадаю ўсім землякам мірнага неба над галавой, стабільнасці ў сем’ях і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай у кожным доме будзе дастатак, а ў сэрцах – любоў да роднага краю.

Анастасія Серпкова, загадчык паліклінікі, урач-неўролаг УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”:
– Як урач, я штодня бачу людзей розных прафесій і ўзростаў. І ведаеце, што я заўважыла? Калі ў грамадстве пануе згода, калі мы падтрымліваем адзін аднаго, то і працаваць лягчэй, і жыць спакайней. Для мяне Дзень народнага адзінства – гэта напамін пра тое, што мы адзіны народ, які мае агульную гісторыю і агульную будучыню. Хачу пажадаць усім землякам перш за ўсё моцнага здароўя. Беражыце сябе і сваіх блізкіх, будзьце ўважлівымі адзін да аднаго, бо менавіта з дабрыні і складаецца вялікае народнае адзінства.

Дар’я Буракевіч, вучаніца 9 класа Брынёўскай сярэдняй школы:
– У школе мы шмат гаворым пра гісторыю, і 17 верасня для мяне – гэта сімвал таго, што мы нарэшце сталі адзіным цэлым. Для майго пакалення важна разумець, якой цаной дасталася нам наша незалежнасць. Я лічу, што адзінства – гэта калі мы разам будуем планы, вучымся і развіваемся, не забываючы свае карані.
Сваім аднагодкам і ўсім жыхарам раёна я жадаю веры ў свае сілы, імкнення да ведаў і вялікіх дасягненняў. Няхай наша краіна квітнее, а мы будзем ганарыцца тым, што жывем у такой прыгожай і мірнай Беларусі!
Дзень народнага адзінства – гэта свята, якое аб’ядноўвае пакаленні. Няхай жа гэты дзень стане для кожнага з нас нагодай яшчэ раз задумацца пра тое, што мы – адзін народ, адна вялікая сям’я, якая будуе сваю будучыню на ўласнай зямлі.
Марыя Тамко.




