Асаблівую запатрабаванасць для вясковага насельніцтва “сярэбранага” ўзросту мае прафесія сацыяльнага работніка. Яно і не дзіўна: гэтыя людзі жывуць клопатам пра землякоў, прыходзяць ім на дапамогу і вырашаюць бытавыя пытанні.
Часцей на гэтай пасадзе мы ўяўляем жанчыну, але і прадстаўнікі моцнай паловы не цураюцца такой працы і выконваюць свае абавязкі вельмі адказна. Адзін з іх Сяргей Ляшук. Мужчына па выніках 2025 года прызнаны лепшым у раёне сацыяльным работнікам.

Неаднаразова наша раённая газета друкавала ўдзячнасці Сяргею Уладзіміравічу ад землякоў за яго шчырыя адносіны да людзей і адданую працу.
Па лясной дарозе едзе веласіпед. Гэта спяшаецца да сваіх падапечных сацыяльны работнік з вёскі Заброддзе, герой нашага артыкула. У яго на абслугоўванні жыхары з чатырох населеных пунктаў: роднага Заброддзя, Клясава, Млынка і ў мінулым годзе дабавіліся жыхары вёскі Навасёлкі. Такім чынам, наш герой заўсёды ў руху: адлегласці паміж вёскамі складаюць ад 3-ох (да Клясава) да 7-мі кіламетраў (да Навасёлак і Млынка). Зразумела, што ў вяснова-восеньскі перыяд мужчыну выручае службовы веласіпед. А пры дрэнным надвор’і на дапамогу прыходзіць невялікі ўласны трактарэц, асабліва запатрабаваным ён быў гэтай снежнай марознай зімой.
Сяргей Уладзіміравіч атрымаў адукацыю ў Мазырскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы №68 па спецыяльнасці “Муляр. Электразваршчык”. Доўгі час працаваў у розных арганізацыях на будаўнічых спецыяльнасцях. Але гэта патрабавала ад’язджаць ад роднага Заброддзя.
5 гадоў назад мужчына ўладкаваўся на пасаду сацыяльнага работніка па месцы жыхарства – на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельскага савета.
Усяго Сяргей Уладзіміравіч абслугоўвае 11 чалавек, сярод іх сямейная пара Мікалай і Любоў Лешукі, састарэлыя маці і дачка Калодзькі, ёсць і тыя, хто пражывае адзін. Зразумела, што ў падапечных узрост сталы, ім патрабуецца дапамога па хатніх справах.
Клопату ў вясковых селішчах хапае: прынесці дровы і ваду з калодзежа, запаліць печу, падмесці і памыць падлогу, прывесці ад аўта лаўкі ці з крамы харчы, з аптэкі – лекі. Вясною Сяргей аказвае дапамогу сваім падапечным і па пасадцы агарода, летам – па праполцы, а ўвосень – па збору ўраджаю.
– Існуе пэўны час, які сацыяльны работнік праводзіць у дома ўладаннях падапечных. Але вядома, што гэта ўмоўна, калі маецца патрэба, напрыклад, паправіць плот ці іншая работа, то вядома, што на гадзіннік ужо не глядзіш. Я сам мясцовы, мяне ўсе ведаюць, таму звяртаюцца за дапамогаю. Ну і, зразумела, абавязковая ўмова: пагутарыць з чалавекам, навіны расказаць, выслухаць – без гэтага ніяк, – расказвае Сяргей Ляшук.
На пытанне: “У чым сакрэт працоўнага поспеху?”, Сяргей Уладзіміравіч адказаў так:
– Цяжка сказаць, у чым сакрэт. Калі працуеш, то думаеш не пра ўзнагароды, а пра чалавека, якому патрэбна дапамога. Трэба разумець, што праца сацыяльнага работніка – гэта, у першую чаргу людзі, кожны са сваімі звычкамі і характарам.
Мужчына на сяле – вялікая сіла. А мужчына – сацыяльны работнік – гэта моц, сіла, клопат і надзея для пажылых грамадзян. Усе гэтыя эпітэты можна адрасаваць нашаму герою.
Дзякуем Сяргею Лешуку за адданую працу і жадаем поспехаў у рабоце.
Надзея СІГАЙ,
фота з архіва Сяргея Лешука.







Оставить комментарий