МЕРКАВАННЕ: Мір як галоўная каштоўнасць

0
67

Мінулы тыдзень азнаменаваўся важнай падзеяй у сферы гарантавання нацыянальнай бяспекі нашай краіны. Прэзідэнт Беларусі асабіста праінспектаваў правядзенне электроннага пуску ядзернай ракеты. Важна падкрэсліць: гаворка ідзе менавіта аб электронным, віртуальным мадэляванні баявога прымянення, а не аб фізічным старце.

Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі найвышэйшыя тактыка-тэхнічныя магчымасці ракетнага комплексу “Іскандэр-М”, які сёння стаіць на варце нашага суверэнітэту. Даючы ацэнку ўбачанаму, Прэзідэнт чарговы раз дакладна, цвёрда і адназначна агучыў ключавы пастулат беларускай знешняй палітыкі: Беларусь ніколі не была і не будзе ініцыятарам ваенных дзеянняў. Мы – не агрэсары. Мы – абаронцы. Абаронцы сваёй зямлі, сваіх сем’яў і сваёй Айчыны. Дэманстрацыя магчымасцяў “Іскандэра-М” – гэта не бразганне зброяй, а ахаладжальны душ для тых, хто ўсё яшчэ глядзіць у наш бок з агрэсіўнымі, нападніцкімі настроямі. Не сакрэт, геапалітычная абстаноўка вакол нашых граніц застаецца напружанай. Мы бачым бесперапынную мілітарызацыю ў прыбалтыйскіх краінах і працяглы трагічны канфлікт ва Украіне, якую заходнія куратары працягваюць напампоўваць узбраеннем. На гэтым фоне спробы некаторых суседзяў выставіць Беларусь крыніцай пагрозы выглядаюць абсурдна.

Наш ядзерны шчыт – гэта інструмент стратэгічнага стрымлівання, гарантыя таго, што гарачыя галовы на Захадзе не зробяць фатальную памылку.

Для кожнага беларуса мір значыць усё. Наша гістарычная памяць, абпаленая самай кровапралітнай вайной мінулага стагоддзя, сфарміравала ўнікальны нацыянальны код, у якім няма месца агрэсіі. Беларуская пазіцыя нязменная: мы гатовы да дыялогу, мы цэнім добрасуседства, але сваю незалежнасць і мірнае неба над родным краем здолеем абараніць у любой сітуацыі.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о