Выбіраючы на паліцах крамы прывабны кавалак свініны, мы наўрад ці задумваемся, хто стаіць за яго вытворчасцю, якая праца адбываецца ў гаспадарках, каб у нас на стале было смачнае і карыснае мяса.
А між тым сучасная свінагадоўчая галіна – гэта шмат працоўных руплівых рук, шмат розных прафесій.
Аксана Кілбас – адна з “байцоў” гэтага нябачнага харчовага фронту. Жанчына працуе аператарам па штучным асемяненні на свінагадоўчым комплексе аддзялення “Мышанка” СУП “Палессе-Аграінвест”. Аксана Анатольеўна – перадавік вытворчасці.
Адзінае, што я ўяўляла да сустрэчы з суразмоўцай пра прадстаўнікоў гэтай прафесіі, што гэта чалавек у халаце і з прабіркаю.
А між тым, праца аператара па штучным асемяненні – гэта складаны і доўгі працэс, які прыводзіць да з’яўлення парсючкоў.
Семянны матэрыял, а дакладней кныры, на комплексе замежны. Апошняя партыя “свінабацькаў” прыбыла ад нас з далёкай Даніі. А свінаматкі, ці, як Аксана Анатольеўна іх называе, “мамачкі” – мясцовыя. Гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць імбрыдзінгу (блізкага радства), які можа прывесці да нежаданых генетычных захворванняў. На кожнага кныра ў сярэднім прыходзіцца па 100 галоў свіней. Удваіх з калегай-аператарам па асемяненні жанчыны «вядуць» 1100-1200 свінаматак.
– Я ажыццяўляю забор семяннога матэрыялу, сачу за гатоўнасцю свіней да асемянення, «вяду» “мамачку” на працягу ўсёй цяжарнасці. Свінаматкам нават робяць ультрагукавое даследаванне, каб прасачыць за тым, як развіваюцца парасяты ўнутрычэраўна. І ў свой час “мамачкі” трапляюць у хлеў, дзе адбываецца непасрэдна апарос. Прычым гэты працэс таксама праходзіць пад пільным наглядам. На кожную “мамачку” вядзецца асабістая карта племяннога ўліку, у якую я і мае калегі заносім усе ветэрынарныя паказчыкі: ад апладатварэння і ходу цяжарнасці да родаў і колькасці прыплоду, – распавяла мая суразмоўца.
Ад адной свінні ў сярэднім атрымліваецца 13 парасят. Гэта лічба, як адзначыла Аксана Анатольеўна, “сярэдне добрая”. Гэта значыць, што ёсць свінаматкі, ад якіх можна атрымаць больш парасят – да 20-ці, і тыя, ад каго менш. Зразумела, што для гаспадаркі патрэбна пагалоўе, якое дасць большую колькасць.
У прафесіі аператара па асемяненні вельмі важным з’яўляецца сваечасовасць: як у заборы семяннога матэрыялу, умовах і часе яго захоўвання, так у вызначэнні часу асемянення.
Пра сваю работу Аксана Анатольеўна кажа, што гэта сумесная праца зладжанага калектыва, дзе кожны адказвае за свой участак працы і дапамагае іншым: заатэхнік-селекцыянер, ветырынарны ўрач, аператары на апаросе. Ад кожнага залежыць агульны вынік і дабрабыт гаспадаркі.
Аксана Анатольеўна – ужо другое пакаленне сямейнай дынастыі, якое працуе ў СУП “Палессе-Аграінвест”. Матуля нашай гераіні адпрацавала 42 гады на кіруючай пасадзе ў аддзяленні “Мышанка”. Сама суразмоўца працуе ўжо 20 гадоў, з іх 16 – на свінагадоўчым комплексе. Адзначае жанчына, што тут зручны графік працы, абавязковыя два выхадныя.
Калі я запытала, у чым жа сакрэт высокіх вытворчых вынікаў, Аксана Анатольеўна адказала:
– Сакрэт працоўнага поспеху і высокіх паказчыкаў на любым працоўным месцы – адказныя адносіны да сваіх абавязкаў.
Надзея СІГАЙ.
Фота Галіны КАЗАК.






Оставить комментарий