Кніга, якая аб’ядноўвае народы

0
472

Прэс-канферэнцыя “Вялікая Айчынная вайна: без тэрміна даўніны, без права забыцца. Прэзентацыя выдання “Разам! Вялікая перамога!” сабрала за адным сталом 25 лютага ў сталіцы нашай краіны прадстаўнікоў рэспублік Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Расійскай Федэрацыі і Беларусі, якія калісьці адзіным фронтам выступілі супраць фашызму за абарону агульнай Радзімы.

Удзел розных народаў у справе Вялікай Перамогі для Петрыкаўшчыны не пусты гук. За вызваленне Петрыкаўскага раёна змагаліся прадстаўнікі больш за 20 нацыянальнасцяў і народнасцяў Савецкага Саюза. Учытайцеся ў імёны і прозвішчы на мемарыялах нашага раёна і на вас павее вецер азіяцкіх стэпаў, Каўказскіх гор і далёкіх адсюль марскіх узбярэжжаў Каспія і Чорнага мора.
Петрыкаўшчына памятае сына рускага народа Рыгора Такуева, які трапіўшы ў партызанскае злучэнне, стаў камандзірам 78-га дыверсійнага атрада, і за баявую партызанскую дзейнасць адзначаны высокім званнем Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны Беларусь стала для героя другой радзімай: ён прымаў непасрэдны ўдзел у аднаўленні разбуранай гаспадаркі і развіцці спорту ў Беларусі.
Не менш значны ўклад у партызанскі рух унёс грузін Тэнгіз Шаўгулідзе, партызанскі інжынер, які вынайшаў вінтовачны гранатамёт і клін, з дапамогай якога без дынаміту ляцелі ў адхон нямецкія эшалоны.
Выданне “Разам! Вялікая перамога!” з’явілася вельмі важным этапам у захаванні агульнай памяці, гэта адзначаюць і настаўнікі гісторыі ўстаноў адукацыі раёна, якія ў рэжыме прамой трансляцыі далучыліся да мерапрыемства.

Кніга, якая аб’ядноўвае народы

Аляксандр Гвоздзь, настаўнік Конкавіцкай сярэдняй школы:
– Кніга “Разам! Вялікая перамога” выйшла да 85-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, у гэтым выданні прыводзяцца як цяжкія падзеі таго часу, так і біяграфіі мужных байцоў розных нацыянальнасцяў, якія набліжалі перамогу.
Несумненна, што наша дзяржава прыкладае велізарныя намаганні для таго, каб нашчадкі памяталі подзвіг савецкіх салдат, не забывалі іх ахвяру, каб у нас цяпер было мірнае неба над галавой. Наша краіна працуе ў гэтым кірунку з мноствам постсавецкіх дзяржаў: з Казахстанам, Узбекістанам, Таджыкістанам і іншымі дзяржавамі постсавецкай прасторы. У Беларусі памятаюць, праз якія выпрабаванні прыйшлося прайсці, каб жыць у мірнай, свабоднай дзяржаве.
Вельмі важна, што ў выданні робіцца акцэнт на адсутнасці сепаратызму, бо мы былі адзіным народам і ўсе нацыянальнасці ўнеслі значны ўклад у Вялікую Перамогу.

Кніга, якая аб’ядноўвае народы

Наталля Карэнько, настаўнік Лучыцкай сярэдняй школы:
– ВАВ пакінула вялізны след у лёсах і сэрцах многіх людзей. І гэтая выдатная кніга “Разам. Вялікая Перамога!”, прадстаўленая ў Доме прэсы, у якой сабраны і гістарычныя звесткі пра ВАВ, і біяграфіі салдат, і літаратурныя сведчанні тых, хто прайшоў праз ваенны час, выпрабаваў на сабе смак горычы Вялікай Перамогі. Гэта кніга дапаможа даць моладзі ўяўленне пра тое, што менавіта лёсы гэтых лю-дзей: вядомых і невядомых герояў, іх агульная барацьба супраць фашызму вызначыла будучыню не толькі нашай Беларусі, але і іншых краін свету. Асабліва кранальна, што ў кнізе адведзены асаблівыя старонкі для абаронцаў Брэсцкай крэпасці. Бо менавіта на іх плечы легла цяжкая ноша: утрымаць як мага даўжэй ворагаў на мяжы нашай Радзімы, каб выйграць час для прывядзення краіны ў поўную баявую гатоўнасць. Іх уклад у Перамогу неацэнны. Спадабалася, што ў кнізе змешчаны вершы паэтаў іншых краін, якія змагаліся на беларускай зямлі плячом да пляча з нашымі абаронцамі. Я спадзяюся, што ў хуткім часе змагу патрымаць у руках гэтую выдатную кнігу і пагартаць яе старонкі разам з маімі вучнямі.

Падрыхтавала Надзея СІГАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о