Вялікая Айчынная вайна – глыбокая рана ў сэрцы кожнага беларуса. Гэта гісторыя пра нязломны дух нашых продкаў, якія выстаялі перад найвялікшымі выпрабаваннямі. Памяць пра подзвіг народа ў суровыя гады вайны – жывая і непарушная. Яна перадаецца з пакалення ў пакаленне, знаходзячы сваё адлюстраванне ў сэрцах і думках сучаснай моладзі.
Эстафета памяці годна прымаецца новым пакаленнем петрыкаўчан. Маладыя землякі дэманструюць разуменне значэння гістарычных падзей і адказнасць за будучыню краіны. Пра гэта сведчаць вынікі сацапытання.
Захар ПАШУК, паштальён паштовага аддзялення №2 горада Петрыкава:
– Ведаць сваю гісторыю – значыць лепш разумець сябе, сваё месца ў свеце.
Беларускі народ з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны прадэманстраваў стойкасць і гераізм. Гісторыі пра тое, як продкі пераадольвалі неверагодныя цяжкасці, праяўлялі мужнасць і самаадданасць, натхняюць і вучаць нас не здавацца перад цяжкасцямі. Хутка настане чарговая жалобная дата – Дзень Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Гэты дзень – важная нагода наведаць мемарыялы, брацкія магілы, ускласці кветкі і ўспомніць тых, хто загінуў ці стаў ахвярай вайны. Я у гэты дзень чарговы раз успомню сваю прабабулю з вёскі Мардзвін, якая прайшла праз пекла вайны.
Алена Лашчонава, фельчар-лабарант ДУ “Петрыкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”:
– Нават калі мы нарадзіліся ў мірны час, мінулае краіны, асабліва яго ваенныя старонкі, не застаюцца для нас пустым гукам. У кожнай сям’і ёсць свае гісторыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і захоўваюць памяць пра тыя часы, пра тых, хто змагаўся, хто перажыў, хто адбудоўваў.
У нашай сям’і таксама ёсць такая гісторыя. Прадзед майго мужа, прайшоў шлях да самага Берліна. Яго вяртанне дадому стала пачаткам новай гісторыі, гісторыі кахання і новага жыцця. Калі вызвалялі нашых палонных, сярод іх была маладая дзяўчына, якая праз час стала яго жонкай Так, сярод руін зарадзілася новая сям’я, працягам якой сталі мы і нашы дзеці.
Мы ім расказваем пра тое, праз што прайшлі іх прашчуры, Хочацца, каб яны разумелі, што жывуць пад мірным небам дзякуючы подзвігу цэлага пакалення.
Валерыя КУЛІКОВА, навучэнка ДУА “Сярэдняя школа №2 г. Петрыкава”:
– Вучні ўстаноў адукацыі не забываюць урокаў гісторыі. Мы ведаем пра жахі вайны, пра страты, пра гераізм сваіх продкаў. У мяне, як і ва ўсіх маіх аднакласнікаў, прадзядулі, прабабулі былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай. Мы часта гаворым пра той страшны час на ўроках, наведваем краязнаўчы музей з тэматычнымі выставамі, удзельнічаем у памятных мерапрыемствах.
Дома ў мяне тэма Вялікай Айчыннай вайны таксама абмяркоўваецца. Бацькі з дзяцінства гаварылі што ведаць гісторыю краіны – гэта не толькі абавязак, але і гонар. Гэта магчымасць зразумець свае карані, сваю прыналежнасць да краіны.
Кірыл ЛІМАРАЎ, работнік СУП “Палессе-Аграінвест”:
– Сённяшняя моладзь беражліва нясе эстафету памяці пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Што азначае памяць пра подзвіг народа для мяне асабіста?
– Гэта, перш за ўсё, быць сумленным чалавекам. Разумець, што кожны наш учынак, кожнае слова мае значэнне, і што ад нашай сумленнасці залежыць будучыня.
Гэта пачыццё адказнасці за сваю сям’ю, землякоў, за сваю Радзіму, імкненне зрабіць свой населены пункт, раён лепшым.
Але найважнейшае – гэта не забываць, што беларусы – вялікі народ. Вялікі сваім духам, гісторыяй, стойкасцю і мужнасцю. Вялікі сваёй любоўю да зямлі.
Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.





Оставить комментарий