У Гомелі адбыўся фінал абласнога этапу рэспублі-канскага конкурсу “Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні”. Падзея сабрала лепшых педагогаў рэгіёна, чыя місія – прывіваць маладому пакаленню любоў да Радзімы, павагу да гісторыі і гатоўнасць абараняць сваю краіну. Петрыкаўскі раён прадстаўляў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава” Вадзім Кавальчук.

Па выніках усіх выпрабаванняў Вадзім Анатольевіч быў адзначаны Дыпломам за высокі ўзровень падрыхтоўкі, прафесіяналізм, творчы падыход, прадэманстраваныя падчас творчага самапрадстаўлення “Патрыёт зямлі беларускай”. Узнагарода сведчыць аб адданасці педагога справе ваенна-патрыятычнага выхавання, сістэмнасці ў працы.
– У рэгіянальным этапе спаборніцтваў прынялі ўдзел восем педагогаў з розных куткоў Гомельшчыны. Кожны з нас імкнуўся падзяліцца сваім вопытам. Праграма конкурсу была насычанай, – дзеліцца Вадзім Анатольевіч. – На суд журы фіналісты прадставілі візітоўку “Патрыёт зямлі беларускай” і публічнае выступленне на тэму фарміравання грамадзянскасці і патрыятызму. Акрамя таго, неабходна было прайсці тэсціраванне на веданне нарматыўна-прававой базы. Падрыхтоўка да конкурсу патрабавала не толькі глыбокіх ведаў, але і творчага падыходу. Шчыра дзякую маёй камандзе – адміністрацыі, педагогам, вучням. Гэта наша агульная ўзнагарода.
Імя Вадзіма Кавальчука на Петрыкаўшчыне даўно ўжо стала сінонімам наватараскага падыходу да ваенна-патрыятычнага выхавання дзяцей. Яго дзейнасць часам выходзіць за межы традыцыйных метадаў, прапаноўваючы свежыя і цікавыя формы прыцягнення непаўналетніх да вывучэння гісторыі краіны, падрыхтоўкі да абароны Айчыны.
Адзін з яскравых прыкладаў – стварэнне на базе другой гарадской школы патрыятычнага клуба “Граніт”. Гэтае аб’яднанне – сапраўдная пляцоўка для развіцця, навучання і фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі ў юнакоў і дзяўчат.
– Важна вучыць дзяцей са школьнай парты не проста любіць Радзіму, а быць яе годнымі грамадзянамі, гатовымі да любых выклікаў! – адзначае педагог. – Ва ўстанове адукацыі мы імкнемся стварыць такую атмасферу, у якой кожны вучань адчуе сябе часткай вялікай сям’і – сям’і сваёй школы, свайго горада, сваёй краіны. Гэта дасягаецца праз розныя формы работы: урокі гісторыі, мерапрыемствы, прысвечаныя гераічным старонкам мінулага, сустрэчы з ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны, ветэранамі інтэрнацыянальных войн, экскурсіі па памятных мясцінах, удзел у ваенна-спартыўных гульнях і конкурсах. Педагогі падыходзяць да выхавання вучняў адказна і разумеюць, што патрыятызм – не проста слова, а падмурак асобы, ад трываласці якога залежыць будучыня.

Гутарыла Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о