На Петрыкаўшчыне прайшоў патрыятычны аўтапрабег з удзелам працоўнай моладзі “Дарогамі памяці. Мы памятаем – мы едзем!”, арганізаваны Петрыкаўскай раённай арганізацыяй Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.
Старт маштабнаму мерапрыемству быў дадзены на гарадской плошчы. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і моладзь раёна.
Да прысутных звярнулася Святалана Блінец, старшыня РГА “Белая Русь”:
– Мы жывем на зямлі, якую адваявалі нашы дзяды і прадзеды. Наш аўтапрабег прымеркаваны да 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны і 82-й гадавіны вызвалення Петрыкаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Бязмерная павага да гераічнага мінулага, пачуццё глыбокай удзячнасці людзям, якія абаранілі свабоду і незалежнасць Радзімы, аб’яднала сёння прысутных. Гэта наш выбар, наша імкненне захаваць і перадаць будучым пакаленням бясцэнны досвед і подзвіг нашых продкаў.
Першы пункт маршруту – урочышча Каўпак-гара.
Тут удзельнікаў аўтапрабегу чакала асаблівая атмасфера: яны далучыліся да святкавання народна-рэлігійнага свята “Дзявятнік”. На месцы гаючай крыніцы было здзейснена ўрачыстае Набажэнства з удзелам епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда.
Наступная кропка – гарадскі пасёлак Капаткевічы
Капаткевіцкая сярэдняя школа сардэчна сустрэла ўдзельнікаў, прадставіўшы ім музейную экспазіцыю “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэта выстава не пакінула нікога абыякавым. Таксама ў межах патрыятычнай акцыі удзельнікі аўтапрабегу наведалі помнік землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. На месцы адбыўся ўрачысты мітынг і цырымонія ўскладання кветак. Прысутныя ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання, аддаючы даніну павагі тым, хто падарыў нам мірнае неба.
Утульная аграсядзіба “Матчына хата”
Пасля мітынгу аўтакалона ўзяла курс на вёску Івашкавічы. Смачны гарачы абед, свежы хлеб і духмяная гарбата – вось што трэба тым, хто праехаў дарогамі памяці. Падсілкаваўшыся, ўдзельнікам правялі экскурсію па аграсядзібе. Напрыканцы экскурсіі арганізатары падвялі вынікі конкурсу “Прыз сімпатый гледачоў”. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі Петрыкаўскай ЦРБ і Петрыкаўскага лясгаса. Памятнымі падарункамі ад ГА “Белая Русь” таксама былі адзначаны Марына Шпак, Святлана Кудравец і сям’я Сяргея і Таццяны Маёрчык.
Дом-музей Дзеда Талаша
Завяршальнай і асабліва значнай кропкай аўтапрабегу стала наведванне дома-музея ўдзельніка партызанскага руху ў савецка-польскай і Вялікай Айчыннай войнах, народнага героя Беларусі, героя аповесці Якуба Коласа “Дрыгва” Дзеда Талаша. Займальная экскурсія пагрузіла ўдзельнікаў у гераічныя гады партызанскай барацьбы, дазволіўшы дакрануцца да гісторыі.
Аўтапрабег скончыўся, але памяць працягвае свой шлях. Гісторыя жыве ў сэрцах і пакуль яна жывая – у гэтым наша сіла!
Мы памятаем. Мы шануем. Мы ганарымся.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Больше фото на vk.com









Оставить комментарий