У аграгарадку Ляскавічы адбыўся форум маладых спецыялістаў, які сабраў больш за 50 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі, якія толькі пачалі свой прафесійны шлях на Петрыкаўшчыне. Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў насычаную праграму, накіраваную на знаёмства і абмеркаванне актуальных пытанняў.
Пачалося мерапрыемства са знаёмства з удзельнікамі ў Ляскавіцкім цэнтры культуры і вольнага часу. Кожны малады чалавек прадставіў сябе, расказаў пра сваю малую радзіму, сваіх планах і ўражаннях на першым працоўным месцы.
Далей удзельнікаў чакала пазнавальная экскурсія ў “Музей Прыроды” Нацыянальнага парку «Прыпяцкі», дзе яны змаглі даведацца больш пра ўнікальную флору і фауну Петрыкаўскага раёна і побыт палешукоў. Пасля гэтага маладыя спецыялісты адправіліся ў сафары-парк, дзе адбыўся адкрыты дыялог з удзелам старшыні Петрыкаўскага райвыканкама Аляксандра Верамеева, галоўнага спецыяліста Петрыкаўскага райвыканкама Святланы Карасевіч і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святланы Блінец.
Падчас дыялогу ў нефармальнай абстаноўцы за кубкам гарбаты, абмяркоўваліся не толькі юрыдычныя аспекты статусу маладога спецыяліста, але і пытанні побыту, аднаразовай выплаты, жыллёвыя ўмовы. Маладыя людзі цікавіліся ў кіраўніка раёна яго працоўным шляхам, захапленнямі, любімымі нацыянальнымі стравамі. Аляксандр Аляксандравіч засяродзіў увагу на неабходнасці паслядоўна і комплексна выбудоўваць работу па замацаванні маладых спецыялістаў. Таксама старшыня райвыканкама адзначыў, што важна вось так збірацца, каб ацаніць рэальную сітуацыю на працоўных месцах, пачуць ад маладых людзей, наколькі яны адчуваюць прадметную дапамогу і падтрымку.
Такі фармат сустрэчы быў высока ацэнены моладдзю, якая прапанавала праводзіць такія мерапрыемствы часцей. Форум стаў выдатнай пляцоўкай для абмену вопытам, атрымання адказаў на хвалюючыя пытанні і ўмацавання сувязей паміж маладымі спецыялістамі і кіраўніцтвам раёна.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.











Оставить комментарий