Добрая падрыхтоўка тэхнікі, адказнае стаўленне да справы – гэта тое, што на працягу ўсяго часу вызначае працу аграрыяў Петрыкаўшчыны. І нарыхтоўка кармоў – не выключэнне. Днямі карэспандэнт раённага выдання завітала ў ААТ «Курыцічы» каб даведацца, як у гаспадарцы праходзіць уборка царыцы палёў на зерне.

Як паведаміў дырэктар сельгаспрадпрыемства Мікалай Сялюк, у гэтыя дні ўборка кукурузы падыходзіць да свайго завяршэння.
– Ураджайнасць маем годную, 35 цэнтнераў з гектара на зерне. З убранай зялёнай масы нарыхтавана 16790 тон сіласу пры сярэдняй ураджайнасці 130 цэнтнераў з гектара. Гэта выдатны вынік, які сведчыць пра старанную працу нашых аграрыяў, – адзначыў Мікалай Уладзіміравіч.
Падчас наведвання палеткаў сельгаспрадпрыемства,прыбіралі аграрыі каштоўную кармавую культуру паблізу вёскі Смятанічы. Нястомна працуюць з самага ранку і да позняга вечара зернеўборачныя камбайны, аўтамабілі на адвозцы. А як інакш? Перед аграрыямі стаіць адна з галоўных задач – нарыхтоўка кармоў для буйной рагатай жывёлы на час зімовага перыяду.
На палетках за рулём новенькага МАЗ-650128 сустракаем Аляксандра Карнейчыка, вадзіцеля які ў гэты гарачы час задзейнічаны на адвозцы зерневых і зернебабовых культур. Працуе ў гаспадарцы мужчына параўнальна нядаўна, але ўжо паспеў дасягнуць высокіх паказчыкаў. У перыяд жніва 2025 года Аляксандр Іванавіч перавёз 1200 тон зерневых каласавых культур, 600 тон кукурузы і гэта не мяжа. Мужчына з 27-гадовым вадзіцельскім стажам прызнаецца, што праца яму падабаецца, спагадлівае кіраўніцтва, добры калектыў і новая машына. – Галоўнае, добрасумленна выконваць сваю працу, а ўсё астатняе ўжо залежыць ад асабістых якасцяў чалавека. Працавітасць, адказнасць, сабранасць, аператыўнасць, уважлівасць, гэтыя якасці павінны быць у кожнага аграрыя, – распавядае Аляксандр Іванавіч. Перад тым як уладкавацца на працу ў сельгаспрадпрыемства, мужчына працаваў кіроўцам-дальнабойнікам. Пабудаваў уласны дом у Петрыкаве, выхоўвае з жонкай Таццянай траіх дзяцей. Старэйшы сын Мікалай – курсант Акадэміі МУС, Максім – студэнт Мазырскага палітэхнічнага каледжа, дачка Карына вучыцца ў 4 класе другой гарадской школы.
– Я стараюся быць прыкладам для сваіх дзяцей. Хачу, каб яны разумелі, што праца – гэта аснова жыцця. Яны павінны ведаць, што без намаганняў нічога не дасягнеш, – дзеліцца герой артыкула.
Падчас размовы з Аляксандрам, да нас падышоў яго калега Уладзімір Боўсун, які побач працуе на зернеўборачным камбайне. Мужчыны абмяняліся жартамі і добрымі словамі. Пасля чаго суразмоўца працягвае працу на адвозцы зерня кукурузы. Бо як мы ведаем, кожная хвіліна – каштоўны час для аграрыяў. Мы ў сваю чаргу падзякавалі за размову і пажадалі аграрыям працоўных поспехаў.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о