Дзяржаўны дзеяч і дыпламат

0
482

Дзяржаўны дзеяч і дыпламат24 чэрвеня – Міжнародны дзень жанчын у дыпламатыі.
Вельмі прыемна адзначыць, што сярод жанчын, ураджэнак Петрыкаўшчыны, ёсць асоба, якая ўпісала новую веху ў развіццё дыпламатычнай службы і стала першай жанчынай-паслом у гісторыі суверэннай Беларусі.

Наўрад ці хто меркаваў, што дзяўчынка, якая з’явілася на свет у 1950 годзе ў вёсцы Чалюшчавічы, стане вядома не толькі ў сваёй краіне, але і за яе межамі. Васьмігодку Ніна Мазай паспяхова скончыла ў родных Чалюшчавічах, а ў 1967 годзе – 10 класаў у суседніх Капаткевічах. Дарэчы, у гэты год 9 выпускнікоў атрымалі медалі: 6 сярэбраных і 3 залатыя.Сярод апошніх і наша гераіня. З маленства Ніна цікавілася гісторыяй, што і вызначыла далейшы шлях зямлячкі: пасля школы яна працягнула навучанне на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Сваю працоўную дзейнасць малады педагог пачала настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Ракітніцкай школы Жабінкаўскага раёна. Дзяўчына з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй хутка заваявала аўтарытэт, была абрана другім, затым першым сакратаром Брэсцкага абласнога камітэта ЛКСМ Беларусі. У 1983 годзе Ніна Мікалаеўна скончыла Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС і да 1985 года займала пасаду першага сакратара Цэнтральнага камітэта ЛКСМ Беларусі. У 1985-1991 гадах яна – намеснік старшыні Савета Міністраў БССР.

Далей пачынаецца міжнародная дзейнасць нашай зямлячкі. У 1991 годзе Ніна Мікалаеўна прызначаецца Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЭСКА), а 27 студзеня 1993 года адначасова Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь ў Францыі. Праз год па сумяшчальніцтву Ніна Мазай – пасол у Іспаніі і Партугаліі.

З 1997 і па 1999 гады зямлячка з’яўляецца намеснікам міністра замежных спраў Беларусі. У 2001 годзе дыпламат накіроўваецца ў якасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Канаду. У 2008 гераіня вяртаецца ў Беларусь і да 2012 года працуе старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

У апошнія гады жыцця дыпламат узначальвала савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Дзейнасць Ніны Мазай у справе развіцця і ўмацавання парламентарызму, унёсак у развіццё прававых асноў функцыянавання Садружнасці Незалежных Дзяржаў, умацаванне міжнародных сувязей і міжпарламентскага супрацоўніцтва адзначаны медалямі “За супрацоўніцтва”, “МПА СНГ. 25 гадоў” (да юбілею Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД). Акрамя гэтага ў скарбонцы дыпламата ордэн Пашаны і пяць юбілейных медалёў.

Ніна Мікалаеўна Мазай усё сваё жыццё прысвяціла служэнню дзяржаве, што з’яўляецца годным прыкладам для моладзі Петрыкаўшчыны і новага пакалення спецыялістаў у галіне міжнародных адносін.

Надзея СІГАЙ, фота з інтэрнет-рэсурсаў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о