12 жніўня 1956 года краіна, якая за дзесяцігодку падняла з попелу і руін гарады і вёскі, заводы і фабрыкі, упершыню святкавала Дзень будаўніка, як даніну падзякі тым, чыімі рукамі яна расцвітала.
З таго часу, на працягу сямі дзесяцігоддзяў у другую нядзелю жніўня мы выказваем словы ўдзячнасці мулярам і мантажнікам, аддзелачнікам, бетоншчыкам, малярам, праекціроўшчыкам, інжынерам, архітэктарам і людзям іншых прафесій, занятых у гэтай галіне.
І сёння наша размова пра тых, каго можна па праву назваць “хуткай будаўнічай дапамогай” для жылых дамоў, дваравых тэрыторыі і вуліц – работнікаў рамонтна-будаўнічага ўчастка (РБУ) ДП “Петрыкаўскі райжылкалгас”. Шматкватэрны жылы фонд з цягам часу прыходзіць у заняпад: тынкоўка звальваецца пад ударамі вятроў, дахі капітулююць перад даждамі і снягамі, а пад’езды губляюць сваю прыгажосць пад крокамі соцен людзей, тратуары здаюцца на міласць непагадзі і нагрузкі. Рабочыя РБУ – гэта тыя, хто вяртае нашым дамам трываласць і загойвае раны, нанесеныя гадамі і надвор’ям. Яны не будуюць новыя дамы – яны захоўваюць тое, што ўжо стала для кагосьці родным домам.
Брыгада РБУ складаецца з 10 чалавек – можа гэта і не шмат для раёна са значным жылым фондам, але кожны з брыгады прафесіянал сваёй справы, які добра ведае і любіць сваю працу. Сярод іх штукатуры, цесляры і страхары – людзі адказныя і працавітыя. Узначальвае брыгаду майстар Сяргей Перавалаў, які мае вялікі стаж у будаўніцтве – 41 год. Адразу пасля заканчэння Мазырскага палітэхнікума па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” Сяргей Генадзьевіч трапіў на будоўлю і па сённяшні час працуе па прафесіі. Яго падначаленыя не саступаюць яму ў вопыце: 36 гадоў у будаўніцтве працуе Пётр Скіпьян, 29 гадоў – стаж у Васілія Сінявіна.
– Наш участак праводзіць амаль увесь спектр будаўнічых работ: аднаўленне і замену дахаў, рамонт і ўцяпленне фасадаў, заладку расколін у сценах, узмацненне і рамонт падмуркаў, отмостак вакол будынкаў. Акрамя таго, выконваем касметычны рамонт пад’ездаў (тынковачна-малярныя работы), рамонт, аднаўленне або замену аконных і дзвярных блокаў у месцах агульнага карыстання, падлогавых пакрыццяў у тамбурах і на лесвічных клетках, – расказвае майстар. – Добраўпарадкаванне тэрыторый таксама ўваходзіць у нашы абавязкі: ямачны рамонт дваровых асфальтавых пакрыццяў і пешаходных дарожак, укладка тратуарнай пліткі і ўстаноўка бардзюрнага каменя. Жылы фонд у асноўным 60-80 гадоў ХХ-га стагоддзя, зразумела, што час эксплуатацыі працяглы, узнікаюць пытанні, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Напрыклад, у аграгарадку Мышанка рамантавалі дом 1935 года пабудовы – 90 гадоў дому! Зразумела, што аб’ём рамонтных работ быў значны: праводзілі замену ацяплення, вадаправода, даху, касметычны рамонт.
Тым часам будаўнікі ўвіхаліся наверсе двухпавярхоўкі, адбіваючы прыйшоўшую ў непрыгоднасць цэглу, каб яе замяніць, а затым усталяваць парапет. У аграгарадку Навасёлкі, дзе працуе зараз брыгада РБУ, запланавана да частковага рамонту 5 двухпавярховых дамоў. Майстры будуць выконваць замену парапетаў, казыркоў над балконамі і іншыя работы згодна каштарыснай дакументацыі.
– Напярэдадні прафесійнага свята хачу адзначыць і сваіх калег – будаўнічую брыгаду СУП “Палессе-Аграінвест”, якія займаюцца рамонтна-будаўнічымі работамі на сельскагаспадарчых аб’ектах. Кіруе брыгадай з 21-га будаўніка Міхаіл Крывін, чалавек, які больш за 43 гады працуе ў галіне. Гэта сапраўдны прафесіянал і старажыл, які ведае пра будоўлю ўсё.
Сціплыя працаўнікі РБУ ЖКГ працуюць без гучных апладысментаў. Іх лепшы камплімент і галоўная ўзнагарода – гэта калі ў дамах суха, у пад’ездах светла і чыста, а шматпавярхоўкі, нягледзячы на свой шаноўны ўзрост, выглядаюць свежымі і і дагледжанымі.
Надзея СІГАЙ.






Оставить комментарий