Адпрацаваная тэхналогія, адказнае стаўленне да справы – гэта тое, што на працягу ўсяго часу вызначае працу аграрыяў Петрыкаўшчыны. І пасяўная кампанія – не выключэнне. Нагодай для чарговага наведвання ААТ “Пціч-Агра” стала завяршэнне сяўбы “царыцы палёў”.
Гэта культура, з’яўляецца залогам харчовай бяспекі краіны і асновай для развіцця жывёлагадоўлі.
Механізатар Віктар Герасіменка той, хто першы пачаў пасяўную кампанію кукурузы ў гаспадарцы, і завяршыў гэту важную работу. Працуе мужчына ў сельгаспрадпрыемстве з 1991 года. Вось ужо 35 гадоў на трактары МТЗ-892, выконвае важныя сельскагаспадарчыя работы, такія як нарыхтоўка кармоў, ворыва, касьба траў, удзельнічае ў пасяўной кампаніі.
Нарадзіўся Віктар Фёдаравіч у вёсцы Рог, пазней пераехаў з сям’ёй у аграгарадок Пціч. Атрымаўшы ў школе вадзіцельскае пасведчанне, адразу пасля заканчэння ўстановы адукацыі прыступіў да працоўнай дзейнасці ў мясцовай гаспадарцы. Праз некалькі гадоў ажаніўся, у сям’і нарадзіліся двое дзяцей: хлопчык Яўгеній і дзяўчынка Ала.
Зараз дзеці жывуць у сталіцы. Дасягненні Віктара Фёдаравіча рэгулярна адзначаюцца на раённым і абласным узроўнях Ганаровымі граматамі і падзякамі.
Па словах аграрыя, надвор’е зараз спрыяльнае: зямля прагрэлася, пайшлі дажджы – усё, што трэба для усходаў. Механізатар, не глушачы матор, падзяліўся ўражаннямі ад пасяўной.
– Сёлета вясна капрызная: то цёпла, то рэзка холадна, але мы гатовыя да такіх сюрпрызаў. Тэхніку праверылі да апошняга болціка, – распавядае Віктар Фёдаравіч. –
А кукуруза – культура з характарам, нездарма яе “царыцай” называюць, – з усмешкай працягвае аграрый.
– Спешкі яна не любіць, але і марудзіць нельга. Ураджай на нашых землях яна дае нядрэнны. Мая задача, як і калег па сяўбе, пасеяць яе з захаваннем тэхналогіі. А далей – падкормка і апрацоўка.
Дарэчы, у гаспадарцы пасеяна 1653 гектары кукурузы. З іх 653 гектары адведзены пад зерне, якое стане каштоўнай сыравінай для харчовай прамысловасці. Астатняя плошча будзе выкарыстана для нарыхтоўкі зялёнай масы, што таксама мае вялікае значэнне для забеспячэння жывёлагадоўчых комплексаў якаснымі кармамі на зімовы перыяд.
Завяршэнне пасяўной кампаніі кукурузы – гэта вынік карпатлівай працы аграрыяў. Наперадзе яшчэ адзін стратэгічна важны этап – нарыхтоўка кармоў.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий