Вячэрні райцэнтр заўсёды прыцягвае ўвагу агнямі вітрын і неонавых шыльдаў. Гэта не толькі пытанне эстэтыкі, але і візітоўка любой арганізацыі ці ўстановы. Аднак, часам тэхніка падводзіць і стварае даволі кур’ёзныя сітуацыі.
Нядаўна нашу ўвагу прыцягнуў будынак мясцовага аддзялення «Белаграпрамбанка». У цёмны час сутак назва фінансавай установы свеціцца не цалкам: згасла апошняя літара «К». У выніку замест звыклай і саліднай назвы мінакі бачаць слова «Белаграпрамбан».
Зразумела, што ў сучасным інтэрнэт-асяроддзі слова «бан» асацыюецца з блакіроўкай і абмежаваннямі. Наўрад ці такі нечаканы сэнс пасуе буйной і паважанай фінансавай арганізацыі, якая, наадварот, заўсёды адкрыта для сваіх кліентаў і партнёраў.
Безумоўна, перагарэлая лямпачка або няспраўнасць святлодыёда — справа жыццёвая і тэхнічная. Але імідж саліднай установы складаецца менавіта з такіх дробязяў. Спадзяёмся, што адказныя службы ў хуткім часе заўважаць гэтую непаладку і вернуць зніклую літару на месца, каб вывеска засвяцілася без лішніх двухсэнсоўнасцяў.
А.МАКСІМАЎ.
Фота аўтара.





