З пачуццём адказнасці за людзей

0
35

Аператыўна рэагаваць на звароты грамадзян, вырашаць канфліктныя сітуацыі, своечасова праводзіць прафілактычную работу і заўсёды быць напагатове –гэта іх штодзённая праца. 17 лістапада служба ўчастковых інспектараў міліцыі адзначае сваё прафесійнае свята. З гэтай нагоды мы пагутарылі з участковым інспектарам міліцыі МГБ АУС Петрыкаўскага райвыканкама старшым лейтэнантам міліцыі Максімам Галенем.

Максім Ігаравіч – жыхар горада Петрыкава. У райцэнтры скончыў першую гарадскую школу. Служыць ва ўнутраных справах ён марыў з дзяцінства. Выбар прафесіі быў усвядомленым:
– Вельмі падабалася форма. Часта ставіў сябе на месца супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і думаў, як бы я паступіў, вырашыў тое ці іншае пытанне ці жыццёвую праблему, з якой звярнуліся грамадзяне.
Сваё “прафесійнае” жаданне малады хлопец пачаў увасабляць у жыццё. Паступіў у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Выбраў факультэт міліцыі грамадскай бяспекі, мэтанакіравана ідучы да прафесіі ўчастковага.
– Заўсёды падабалася камунікацыя з людзьмі. Хацелася ім дапамагаць. Не змог бы абмежавацца толькі кабінетнай працай, – дадае Максім Ігаравіч.
Калі вельмі моцна чагосьці хочаш, усё менавіта так і атрымліваецца. І вось у 2023 годзе малады мэтанакіраваны хлопец, атрымаўшы жаданы дыплом, адпраўляецца на сваё першае месца працы – у АУС Петрыкаўскага райвыканкама на пасаду інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі. З тых часоў, добрасумленна выконваючы даручаныя кіраўніцтвам задачы, а ў 2026 годзе Максіма Ігаравіча прызначылі ўчастковым інспектарам.
У яго зоне абслугоўвання – тэрыторыя горада Петрыкава. З людзьмі, якія пражываюць у райцэнтры, ён добра знаёмы, ведае, чаго ад каго можна чакаць, да каго які падыход шукаць, каб дапамагчы.
Асноўныя абавязкі ўчастковага – каб на даверанай яму тэрыторыі было спакойна, адбывалася менш правапарушэнняў і злачынстваў. Дарэчы, як адзначыў старшы лейтэнант, апошнія, а менавіта сямейна-бытавыя, часцей за ўсё правакуюцца з-за злоўжывання алкаголем.
– Грамадзяне, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, нярэдка накіроўваюцца ў ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый). Добра, калі пасля гэтага чалавек бярэцца за розум. Але бываюць і зваротныя выпадкі. Працуем сістэмна, як належыць, – дзеліцца ўчастковы і дадае, што ў апошні час людзі звяртаюцца з нагоды шумных суседзяў, грамадзянска-прававых адносін і тэлефонных махлярстваў. Усё, што ў нашых сілах,– тлумачым, раз’ясняем, калі не – накіроўваем да кампетэнтных спецыялістаў. Без увагі не пакідаем нікога.
Шмат працы робіць участковы для прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў і ў сямейна-бытавой сферы. Праводзяцца тлумачальныя гутаркі ва ўстановах адукацыі, сярод працоўных калектываў, здзяйсняюцца абходы па дамах асабіста і ў складзе аглядавых камісій. Асаблівая ўвага – пажылым людзям.
– Стараюся пагаварыць з кожным чалавекам, пацікавіцца праблемамі, папярэдзіць ад махляроў. Гаворым і пра жыццё, пра традыцыі і звычаі. Дзеляцца яны і сваім, “набалелым”. Стаўлюся да іх з павагай і адказнасцю.
Служба ўчастковага інспектара міліцыі складаная, графік працы ненармаваны. Але старшага лейтэнанта гэта ніколькі не хвалюе. Прафесію герой аповеду выбраў па душы. Мае намер і далей служыць у аддзеле, абараняць і берагчы інтарэсы грамадзян, выяўляць парушэнні, што здзяйсняюцца па-за законам.
Карыстаючыся выпадкам, участковы міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Петрыкаўскага райвыканкама Максім Галеня павіншаваў калег з прафесійным святам:
– Жадаю парадку на ўчастку і спакойных дзяжурстваў, моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

5 1 голос
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные