Бяспека на дарогах –пад асаблівым кантролем

0
12

Складаная дарожная абстаноўка і рост колькасці цяжкіх аварый у краіне патрабуюць рашучых прафілактычных мер. Па ўказанні Міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова з 12 па 22 лістапада падраздзяленні Дзяржаўтаінспекцыі па ўсёй Беларусі пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы.

Карэспандэнт «Петрыкаўскіх навін» далучылася да экіпажа АДАІ Петрыкаўскага РАУС, каб пабачыць, як праходзіць кантроль на вуліцах райцэнтра.
Галоўная задача, якую ставяць перад сабой вартавыя дарог у гэтыя дні, – не проста пакараць парушальнікаў, а папярэдзіць бяду. Толькі за першую дэкаду лістапада на дарогах рэспублікі па віне нецвярозых аўтамабілістаў і тых, хто сеў за руль без права кіравання, здарылася 12 дарожна-транспартных здарэнняў. Яны забралі жыцці 9 чалавек, яшчэ 15 атрымалі траўмы.
На вуліцах райцэнтра ў нядзелю ажыўлена. Службовы аўтамабіль Дзяржаўтаінспекцыі спыняецца на вуліцы Бумажкова. Інспектары дзейнічаюць аператыўна і карэктна: спыняюць транспарт, правяраюць дакументы, ацэньваюць фізічны стан вадзіцеляў.


– Спектр пытанняў, на якія мы звяртаем увагу, застаецца нязменным, але кантроль стаў больш пільным, – тлумачаць інспектар ДПС АДАІ Петрыкаўскага РАУС Наталля Ачапоўская-Сазонава падчас кароткай паўзы паміж праверкамі. – У першую чаргу гэта выяўленне вадзіцеляў у стане ап’янення і асоб, якія не маюць права кіравання транспартным сродкам. Абавязкова правяраем наяўнасць допуску да ўдзелу ў дарожным руху – пройдзены тэхагляд. Гэта не фармальнасць, а гарантыя таго, што аўтамабіль тэхнічна спраўны і не падвядзе ў крытычны момант.
Большасць петрыкаўскіх вадзіцеляў да праверкі ставяцца з разуменнем. Дакументы ў парадку, пасведчанні і сертыфікаты аб праходжанні дзяржтэхагляду прад’яўляюцца без затрымак. Многія прызнаюцца, што чулі пра ўзмацненне кантролю ў навінах і падтрымліваюць такія меры, бо парадак на дарозе – гэта бяспека кожнага з нас і нашых блізкіх.


Акрамя традыцыйнага патрулявання, у рэспубліцы ў гэты перыяд праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы «Фільтр» і «Павуціна», задзейнічаны магчымасці Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Інспектары таксама нагадваюць аўтамабілістам пра зменлівае надвор’е: ранішнія замаразкі і галалёдзіца – прадвеснікі набліжэння зімы, таму варта зараней паклапаціцца пра замену летніх шын на зімовыя, не чакаючы 1 снежня.
Дзяржаўтаінспекцыя заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху да ўзаемапавагі і дысцыпліны. Калі ж вы сталі сведкам таго, што за руль сядае нецвярозы чалавек або груба парушаюцца Правілы дарожнага руху, не заставайцеся абыякавымі – паведаміце пра гэта па тэлефоне 102. Магчыма, менавіта ваш званок уратуе чыёсьці жыццё.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные