Месца, дзе прафесіяналізм сустракаецца з дабрынёй

Заўсёды, калі мой шлях ляжыць да Ляскавіч, погляд спыняецца на мясцовай участковай бальніцы. Гэта месца нібы створана для аднаўлення сіл: будынак размясціўся за межамі аграгарадка ў ціхім кутку, акружаны велічнымі соснамі, якія напаўняюць паветра гаючым водарам.


Не раз падчас сустрэч з мясцовымі жыхарамі даводзілася чуць цёплыя словы ў адрас калектыву бальніцы. Людзі гаварылі не толькі пра прафесійную дапамогу, а і пра ўвагу, цярпенне з боку работнікаў. Не так даўно мне выпала магчымасць пабываць у медустанове.

– У нашым калектыве няма выпадковых людзей. Кожны – ад спецыяліста да работніка малодшага медперсаналу – разумее, што лячэбніца ў аграгарадку – гэта вялікая апора і падтрымка вяскоўцам. Да Ляскавіцкай участковай бальніцы адносяцца Брынёўскі і Галубіцкі ФАПы, і яна з’яўляецца пунктам медыцынскай дапамогі для больш як 1600 жыхароў. Тут ёсць усё неабходнае, каб аказаць кваліфікаваную дапамогу пацыентам, – пачынае размову загадчык медустановы Наталля Бамбіза-Сазонава.


Наталля Васільеўна з гонарам кіруе ўчастковай бальніцай на сваёй малой радзіме. Пасля заканчэння Ляскавіцкай сярэдняй школы зямлячка атрымала вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Прайшла інтэрнатуру ў Мінскай 5-й гарадской паліклініцы.


– У бальніцы працуюць 22 чалавекі, сярод якіх 8 меды-цынскіх работнікаў. Я з’яўляюся ўрачом, ёсць памочнік урача, 6 медыцынскіх сясцёр. У нас зла-джаны калектыў, дзе кожны ра-зумее важнасць сваёй ролі, – працягвае медык. – Асабліва прыемна адзначыць, што большасць са складу медыцынскага персаналу – жыхары Петрыкаўшчыны. Калегі ў асноўным “аселі” на гэтай зямлі, стварылі сем’і і рэалізоўваюць сябе ў прафесійным плане.
Загадчык праводзіць гасцей па лячэбных кабінетах, светлых калідорах, бальнічных палатах.

Вакол чысціня, нейкая прыемная дамашняя цеплыня. З першых крокаў адчуваеш, што трапіў у месца, дзе пра людзей клапоцяцца. Персанал – усе як адзін – усміхаюцца, гатовы адказаць на любое пытанне. Іх добразычлівасць не выглядае нацягнутай, яна шчырая і адкрытая.


А пацыенты! Нават у такіх умовах, калі чалавек знаходзіцца далёка ад дома, яны цягнуцца да размовы і па асабістай ініцыятыве дзеляцца думкамі.
– Участак мае тэрапеўтычнае аддзяленне на 5 коек, дзе пацыенты могуць атрымаць лячэнне, якое прызначаецца як нашым урачом, так і спецыялістамі з Петрыкаўскай ЦРБ, – працягвае Наталля Васільеўна. – Функцыянуе фізіякабінет, праводзіцца кардыяграма, ажыццяўляецца мінімальны пералік аналізаў, уключаючы забор крыві. Атрыманыя абразцы адпраўляюцца ў гарадскую лабараторыю для далейшага даследавання. Што немалаважна, да нас прыязджаюць стаматолаг з Петрыкаўскай ЦРБ і лабарант, што дазваляе расшырыць сектар паслуг.


Суразмоўца дзеліцца, што асаблівае месца ў структуры бальніцы займае аддзяленне сястрынскага догляду на 10 коек для асаблівай катэгорыі пацыентаў, якія патрабуюць кругласутачнага догляду. У асноўным, гэта пажылыя людзі з цяжкімі захворваннямі ці, хто знаходзіцца ў стадыі рэабілітацыі.


Жанчына падкрэслівае, што ў калектыве працуюць не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і людзі з вялікім сэрцам і чулай душой. Менавіта іх адказнасць і спачуванне дапамагаюць спраўляцца з пастаўленымі задачамі, забяспечваць пацыентам неабходны догляд і падтрымку.

Водгукі пацыентаў

Ніна Нікіфірава (злева), Любоў Турмовіч:
– Я родам з Галубіцы, і калі хвароба напаткала мяне, я зразумела, што самастойна справіцца з ёй не змагу.
Звярнуўшыся да доктара, атрымала прызначэнне на курс лячэння, які ўжо прынёс значнае паляпшэнне майго стану. Медперсанал участковай бальніцы – сапраўдныя прафесіяналы і добрыя людзі. Яны пастаянна прыходзяць, пытаюцца пра самаадчуванне, прапануюць дапамогу. Асобна хачу адзначыць умовы. Пакоі ўтульныя і светлыя, з новай мэбляй. Адчуваеш сябе як дома. Харчаванне таксама на вышыні – чатыры разы на дзень, смачна і пажыўна.
Прыемна выйсці і на вуліцу, пасядзець на лавачцы і падыхаць чыстым лясным паветрам. Ну чым не санаторый!
– Прыехала з Брынёва. Тут я атрымліваю не толькі неабходную медыцынскую дапамогу, але і сапраўдную душэўную падтрымку – не так даўно ў маёй сям’і здарылася вялікае гора. Увесь персанал вельмі чулы і ўважлівы. Мне нават прапанавалі дадаткова падлячыць калена. Трэба скарыстацца такой магчымасцю.
Ведаеце, я ўсё жыццё працавала на ферме ў непростых умовах, выхавала пецярых дзяцей. Цяпер, на старасці гадоў, так добра, што можна падлячыцца побач з домам.


Установа актыўна ўзаемадзейнічае з валанцёрскім атрадам “Верацяно” Ляскавіцкай школы, протаіерэем мясцовага Храма святога Архангела Міхаіла Ігарам Зырыным, што сведчыць пра ўвагу да пацыентаў і падтрымку іх у цяжкія моманты. Больш за год спонсарскую дапамогу аказвае ліцэй БНТУ. Нядаўна сталічная ўстанова зрабілі значны ўнёсак, падарыўшы для патрэб пральную машыну.


Акрамя стацыянарных аддзяленняў, у бальніцы функцыянуюць палаты на 5 коек дзённага знаходжання, якія таксама запатрабавальныя ў насельніцтва. Гэта дазваляе прайсці курс лячэння не парушаючы звычайны лад жыцця.


– Акрамя грамадскай падтрымкі, хочацца адзначыць і ролю дзяржавы ў развіцці сельскай медыцыны. Усе неабходныя меры для ўдасканалення дадзенага напрамку закладзены ў дзяржаўнай праграме “Здароўе нацыі”, – адзначыла напрыканцы сустрэчы Наталля Бамбіза-Сазонава. – Дакумент рэалізуе комплексны падыход да аховы здароўя – ад прафілактыкі да дыягностыкі і лячэння – і цалкам апраўдвае свае мэты. Праграма садзейнічае развіццю медыцынскай дапамогі на сёлах і гарантуе яе даступнасць нават для жыхароў самых аддаленых пунктаў.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные