Срэбра з залатым адлівам

0
12

У раённым Доме культуры адбылася ўрачыстая цырымонія ўшанавання футбольнай каманды “Петрыкаў”, якая па выніках чэмпіянату Гомельскай вобласці сярод мужчынскіх каманд Другой лігі заняла ганаровае другое месца.

Падзея стала знакавай вехай у спартыўным жыцці Петрыкаўшчыны, сабраўшы ў адной зале ігракоў, кіраўніцтва раёна і аматараў футбола.

Са словамі віншавання да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўгеній Шкробат. Кіраўнік раёна шчыра павіншаваў спартсменаў з высокім дасягненнем, адзначыўшы каласальную працу, якую правёў кожны член каманды дзеля гэтага поспеху. Яўгеній Сяргеевіч падкрэсліў значны патэнцыял калектыву і выказаў спадзяванне, што ў наступным сезоне петрыкаўскія футбалісты змогуць палепшыць свой вынік.

Асобную падзяку Яўгеній Шкробат адрасаваў сем’ям футбалістаў за разуменне і падтрымку, а таксама балельшчыкам, чый уклад у стварэнне баявога духу на трыбунах быў адчувальным на працягу ўсяго чэмпіянату.

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і спартыўнай грамадскасці вобласці прызёрам чэмпіянату былі ўручаны Падзячныя лісты і сярэбраныя медалі.

Гэты поспех стаў вынікам не толькі самааддачы на футбольным полі, але і сістэмнай увагі мясцовай улады да развіцця фізічнай культуры і спорту. У знак удзячнасці за ўсебаковую дапамогу каманда прыгатавала зваротны жэст: кіраўніку раёна Яўгенію Шкробату быў уручаны сярэбраны медаль чэмпіянату, які перадала загадчык сектара спорту райвыканкама Таццяна Харланава.

Таксама лістом Падзякі ад імя каманды за матэрыяльна-тэхнічны ўклад быў адзначаны Кірыл Буднік.
Важнай часткай поспеху стала дзейнасць Петрыкаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, якая з’яўляецца сапраўднай кузняй кадраў для футбольнай каманды “Петрыкаў”. Установа была адзначана за высокі ўзровень падрыхтоўкі, а дырэктар ДЮСШ Валянціна Урбанчык узнагароджана медалём абласнога чэмпіянату за асабісты ўклад у развіццё футбольнага руху.

З прамовай да калектыву звярнуўся гуляючы трэнер каманды Уладзімір Харланаў. Уладзімір Уладзіміравіч па-мужчынску падзякаваў падапечным за жалезную дысцыпліну і характар, выказаўшы ўпэўненасць, што, пры захаванні такога падыходу каман-дзе ў будучыні па плячы заваяванне залатых узнагарод. Трэнер таксама адзначыў важнасць тылу – падтрымкі з боку кіраўніцтва раёна, родных і адданых балельшчыкаў.

Святочную атмасферу і ўрачыс-ты настрой падчас цырымоніі стваралі творчыя нумары маленькіх артыстаў – выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў і навучэнцаў гімназіі, якія падарылі прысутным яркія музычныя выступленні.

Зараз, пасля напружанага і плённага сезону, для футбольнага клуба “Петрыкаў” наступіў час заслужанага адпачынку. Наперадзе ў каманды аднаўленне сіл і паступовая падрыхтоўка да новых стартаў, дзе петрыкаўскія спартсмены зноў будуць абараняць гонар сваёй малой радзімы.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные