Зялёная спадчына для будучых пакаленняў

Петрыкаўшчына далучылася да рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”.

З 17 па 24 кастрычніка па ўсёй Беларусі праходзіць маштабная экалагічная акцыя «Дай лесу новае жыццё». Яе мэта – фарміраванне ў насельніцтва беражлівых адносін да лясных рэсурсаў краіны.
На бягучым тыдні прадстаўнікі раённай вертыкалі ўлады на чале са старшынёй райвыканкама Яўгеніем Шкробатам, структурных падраздзяленняў райвыканкама, члены працоўных калектываў і грамадскіх аб’яднанняў унеслі свой уклад у аднаўленне лясоў і захаванне прыроднага багацця роднага краю.


На добрую справу ўдзельнікаў акцыі праважалі самыя юныя жыхары Петрыкава – выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці. Члены “Дашкольнага лясніцтва” ўручылі дарослым саджанцы сасны – як сімвал клопату пра будучыню роднага краю.

Працоўны дэсант шчыраваў на тэрыторыі Петрыкаўскага лясніцтва. Штогадовыя восеньскія пасадкі – гэта заўсёды час вялікай грамадскай актыўнасці нашых землякоў, і экалагічная акцыя не стала выключэннем.
Як адзначыў кіраўнік раёна Яўгеній Шкробат:
– Нас аб’ядноўвае агульнае жаданне жыць у прыгожай, чыстай і зялёнай краіне. Бо лес – гэта золата Беларусі. Кожнае пасаджанае дрэўца – гэта наш агульны ўнёсак у будучыню роднага краю, спадчына, якую мы пакінем сваім дзецям і ўнукам. Калі мы працуем талакой – нам па плячы любыя задачы.

Праца на свежым паветры ладзілася хутка і зладжана. Удзельнікі акцыі адзначалі: прыемна бачыць, як на месцы, дзе яшчэ нядаўна быў пустыр, з’яўляюцца роўныя шэрагі маладых сасонак. Гэта не проста пасадка лесу, гэта інвестыцыя ў экалагічную бяспеку і прыгажосць нашага раёна. Вынікам зладжанай працы ўдзельнікаў сталі 30000 тысяч маладых саджанцаў, беражліва высаджаных на падрыхтаваных тэрыторыях. Агульная плошча новых лясных угоддзяў склала 5,6 гектара.
Пасля плённай працы ўсіх чакаў прыемны сюрпрыз ад Петрыкаўскага лясгаса – гарачая кава і гарбата на свежым паветры.

Добрая справа ў чарговы раз даказала: калі людзі аб’ядноўваюцца дзеля высакароднай мэты, вынік не прымушае сябе чакаць. Дзякуючы намаганням удзельнікаў акцыі, лясныя масівы Петрыкаўшчыны стануць яшчэ больш багатымі, а наш край – больш зялёным і ўтульным.

Марыя Тамко,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные