Штогод Петрыкаўшчына вітае маладых спецыялістаў, якія прыязджаюць у наш раён, каб пачаць свой прафесійны шлях. Сярод тых, хто ў гэтым годзе папоўніў шэрагі медыкаў Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы – паставая акушэрка гінекалагічнага аддзялення Дар’я Ястрэмская.
Дар’я нарадзілася і вырасла ў Петрыкаве. Мара звязаць сваё жыццё з медыцынай з’явілася ў дзяўчыны яшчэ ў дзяцінстве. Галоўным прыкладам для яе заўсёды была мама – Алена Тоўсцік. Алена Валер’еўна прысвяціла медыцыне больш за 30 гадоў, а свой працоўны шлях пачынала менавіта тут, у гінекалагічным аддзяленні, працуючы медсястрой у палаце нованароджаных.
Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Дар’я прыняла цвёрдае рашэнне вярнуцца ў родны горад.
– Атрымалася менавіта так, як я і марыла: вярнуцца дадому не толькі па размеркаванні, але і па ўласным жаданні, – прызнаецца дзяўчына.
Адаптацыя на першым працоўным месцы прайшла паспяхова, шмат у чым дзякуючы падтрымцы калектыву. За Дар’яй замацавалі вопытнага настаўніка – Наталлю Носач, якая дапамагае маладому спецыялісту асвойвацца ў прафесійных тонкасцях.
Працоўны дзень Дар’і насычаны і адказны: пачынаецца ён з традыцыйнай пяціхвілінкі, пасля якой ідзе абход пацыентаў, выкананне прызначэнняў, назіранне за паказчыкамі КТГ і забор аналізаў.
– Спачатку было крыху нязвыкла, – шчыра дзеліцца Дар’я. – Але паколькі выбар прафесіі быў свядомым, я з вялікім задавальненнем вывучаю новае і пераймаю вопыт у сваіх калег. Зараз у гінекалагічнае аддзяленне прыязджаюць брыгады з Мазырскага радзільнага дома, і я з вялікай цікавасцю імкнуся даведацца як мага больш прафесійных сакрэтаў у калег з Мазыра.
Дар’я адзначае, што для працы ў аддзяленні створаны ідэальныя ўмовы: сучаснае абсталяванне, рамонт – працаваць у такіх умовах сапраўднае задавальненне.
Гледзячы на тое, з якім энтузіязмам і любоўю малады спецыяліст гаворыць пра сваю справу, становіцца зразумела: Дар’я Паўлаўна знайшла сваё пакліканне. Як прызнаецца сама дзяўчына, на працу яна заўсёды ідзе са шчаслівай усмешкай, бо ведае, што яе праца прыносіць карысць лепшай палове чалавецтва.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.




