У абласным цэнтры падвялі вынікі работы пярвічных арганізацый Беларускага ГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” за 2025 год. Петрыкаўскі раён сярод лідараў!
Трэцяе месца ў абласным аглядзе-конкурсе – вынік упартай працы пярвічнай арганізацыі “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” Петрыкаўскага раёна. Першае месца занялі ветэраны спорту з Рагачоўскага раёна, а ”срэбра” ўзялі прадстаўнікі Добрушскага раёна. Таксама нашым землякам уручана Ганаровая грамата Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай ГА ”Ветэраны фізічнай культуры і спорту” за ўклад у развіццё фізкультурнага руху. Старшыня пярвічнай арганізацыі, ГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” Аляксей Каюкала атрымаў адразу дзве высокія ўзнагароды: ганаровую грамату і падзяку ад Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за спартыўныя дасягненні, вялікі ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, далучэнне маладога пакалення да здаровага ладу жыцця.
– Гэтыя ўзнагароды – агульная заслуга нашай пярвічнай арганізацыі, – адзначыў Аляксей Міхайлавіч. – У нашых шэрагах – 18 неабыякавых, актыўных і спартыўных людзей.
Варта адзначыць, што ветэраны спорту Петрыкаўскага раёна з’яўляюцца дзеючымі чэмпіёнамі абласной спартакіяды – апошнія тры гады яны нязменна ўзнімаліся на вышэйшую прыступку п’едэстала.
Мы жадаем нашым ветэранам спорту моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі і, вядома ж, новых яркіх перамог.
Марыя Тамко, фота аўтара.




