Ёсць людзі, чыё жыццё нібы светлыя промні, што саграваюць ўсіх вакол. Такім чалавекам для прыхаджан храма Ушэсця Гасподняга ўжо 20 гадоў з’яўляецца настаяцель храма протаіерэй Дзмітрый Пасечнік. Сёлета айцец Дзмітрый адзначыў 25 гадоў святарскага служэння.

Урачыстае богаслужэнне напярэдадні Пакрова Прасвятой Багародзіцы стала асаблівай падзеяй для праваслаўнай супольнасці храма. За шматгадовую руплівую пастырскую працу, за любоў да сваёй справы і вернасць пакліканню, Праасвяшчэнны Леанід, епіскап Тураўскі і Мазырскі, удастоіў айца Дзмітрыя высокай узнагароды – права нашэння наперснага крыжа з упрыгожваннямі. Гэта сімвал глыбокай павагі да духоўнага шляху, прызнанне шматгадовага самаадданага служэння Богу і людзям.
Шлях айца Дзмітрыя да алтара пачаўся яшчэ ў дзяцінстве. Ён вырас у шматдзетнай сям’і, дзе выхоўваліся чацвёра дзяцей. Бацька, Павел, родам з Жытоміра,а маці Ніна – з вёскі Праходы Навасёлкаўскага сельскага Савета. Духоўная спадчына ў сям’і Пасечнікаў перадавалася з пакалення ў пакаленне: прадзед айца Дзмітрыя, Іван, служыў у храме Успення Прасвятой Багародзіцы ў Кашэвічах. Гэтая намоленая сцежка пасля пераезду бацькоў на Жыткаўшчыну, дзе і нарадзіўся герой артыкула, прывяла Дзмітрыя да Бога.
– Я вырас у праваслаўнай сям’і, – успамінае айцец Дзмітрый. – Жывучы ў Чырвоным, мы разам з мамай ездзілі у храм Святой Вялікапакутніцы Параскевы ў Жыткавічы. Там, у атмасферы любові да Бога, фарміравалася маё станаўленне. Спачатку я дапамагаў свяшчэннаслужыцелям у здзяйсненні богаслужэння ў храме, убіраў у сябе Божую благадаць, а пасля службы ў вой-ску паступіў у Мінскую духоўную семінарыю.
Храм стаў для айца Дзмітрыя не толькі месцам служэння, але і месцам асабістага шчасця. Менавіта ў Жыткавіцкім храме ён сустрэў сваю будучую жонку Юлію, якая спявала ў царкоўным хоры. Там яны павянчаліся. Гасподзь благаславіў іх шлюб і вось ужо 27 гадоў сямейная пара ідзе па жыцці разам, выхоўваючы пецярых дзяцей. Сыны, Герман і Міран, працягваюць сямейную традыцыю: яны таксама дапамагаюць бацьку і прыслугоўваюць у храме.
Петрыкаўшчына стала для айца Дзмітрыя па-сапраўднаму другім домам. За плячыма – чатыры гады служэння ў Ляскавічах, год у Капаткевічах, а ў 2006 гаду айцец Дзмітрый стаў настаяцелем храма Ушэсця Гасподняга ў Петрыкаве. Вось ужо два дзесяцігоддзі ён з’яўляецца духоўным арыенцірам для многіх землякоў.
З нагоды айцец Дзмітрый падзяліўся з намі патаемным:
– Самае галоўнае ў жыцці – гэта любоў. Калі ў сэрцы жыве Бог, то і ў сям’і будзе лад, і ў душы – спакой. Беражыце адзін аднаго, прабачайце крыўды і памятайце: кожны дзень – гэта дар Божы. Няхай у нашых дамах жыве мір, а ў сэрцах – вера.
Мы ад усёй душы віншуем настаяцеля прыхода храма Ушэсця Гасподняга з 25-годдзем служэння ў свяшчэнным сане і з заслужанай узнагародай. Ваша жыццё – гэта прыклад шчырай веры, любові і нястомнай працы на карысць людзей. Вы саграваеце сэрцы прыхаджан, вучыце маладое пакаленне дабру і міласэрнасці.
Няхай Гасподзь даруе Вам і вашай сям’і здароўе і мір.
Многая і благая Вам лета, паважаны айцец Дзмітрый!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

0 0 голоса
Рейтинг статьи
Подписаться
Уведомить о
guest
0 комментариев
Старые
Новые Популярные